Някляеў абвяргае расійскага амбасадара Сурыкава
Лідар кампаніі “Гавары праўду!” кажа, што не ўхваляў продаж “Белтрансгазу” Расіі. Пра гэта Уладзімір Някляеў заявіў у гутарцы з Еўрарадыё.
30 лістапада Аляксандр Сурыкаў заявіў, што продаж "Белтрансгазу" ўхваліл кампанія "Гавары праўду!", Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" і Анатоль Ляўковіч, які лічыць сябе кіраўніком беларускіх сацыял-дэмакратаў.
Някляеў: “Калі спадар амабасадар альбо журналісты, якія гэта напісалі, пакужуць мне, дзе я такое сказаў ці зрабіў, то мне і самому будзе цікава. Гэта не мае адносінаў ні да кампаніі “Гавары праўду!”, ні да самой праўды. І самае горшае, што — ні да самой праўды!”
У той жа час Някляеў прызнаецца, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў казаў, быццам не будзе супраць продажу “Белтрансгаза” “Газпраму”. Як і продажу іншых прадпрыемстваў, што належаць да нафтавага комплексу. Маўляў, той жа “Белтрансгаз” ніякага прыбытку дзяржаве не дае, а за мінулы год нават прынёс страты на 1 мільярд долараў. Але прадаць з умовай, што атрыманыя грошы пойдуць на рэфармаванне эканомікі.
Някляеў: “Мелася на ўвазе, што грошы, атрыманыя за гэта, пойдуць на развіццё эканомікі, развіццё краіны, развіццё Беларусі. Кантракт, падпісаны Лукашэнкам, да гэтага адносінаў не мае. Ён бярэ грошы, якія пойдуць на ўсталяванне дыктатуры, на забеспячэнне людзей, якія бегаюць па вуліцах з палкамі, на гэтыя няправедныя суды. Гэта палітычныя грошы. Гэта грошы пад страту нашай незалежнасці. Гэта — першы крок да страты нашай незалежнасці”.
Па словах палітыка, калі не звяртаць увагі на ўсе рамантычныя эпітэты да слова “свабода”, то ў чыстым выглядзе яно азначае – эканамічную свабоду. Пачатак жа распродажу ўладамі беларускіх прадпрыемстваў замежным пакупнікам ( і найперш расійскім) вядзе, на думку Някляева, да страты беларусамі свабоды.