Някляеў: Нельга чакаць, што пашырэнне спісу моцна паўплывае на сітуацыю

Папаўненне спіса неўязных у ЕС яшчэ 135 беларускімі чыноўнікамі лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў не лічыць дзейснай мерай уплыву на афіцыйны Мінск. На яго думку, гэта не застрашыць беларускіх чыноўнікаў, якія нават ганарацца такой увагай да іх з боку Еўропы.

Уладзімір Някляеў: “Гэта мне ўжо нагадвае рух цягніка: зададзены накірунак, станцыя называецца “Няўезд у Еўрасаюз” і — пашыраецца-пашыраецца гэты спіс. Калі ён не дзейнічае ў адзінкавым выпадку, то ёсць жа закон экстрапаляцыі — нельга чакаць, што гэта моцна паўплывае, калі гэта не адзінкавы выпадак, а дзесяткавы ці соткавы. Колькаснае не азначае якаснае і ў самім пачуванні беларускага чынавенства, якое творыць гэтае беззаконне, нічога не мяняецца”.

На думку палітыка, замест пашырэння спіса неўязных Еўрасаюзу трэба было яшчэ напачатку зімы 2011 года ўводзіць супраць Беларусі жорсткія эканамічныя санкцыі.

Нагадаем, што ў "чорным спісе" Еўрасаюза ўжо больш за 200 імёнаў беларускіх чыноўнікаў. Узначальвае яго кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Пра магчымасць пашырэння спісу яшчэ на 135 прозвішчаў на паседжанні Камітэта па пытаннях замежных справаў Еўрапарламента 12 студзеня заявіў дырэктар па пытаннях Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Гунар Віганд. Рашэнне могуць прыняць 23 студзеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі