Някляеў паедзе да лекараў за мяжу насуперак забароне
Лідару кампаніі “Гавары праўду!” Уладзіміру Някляеву забаранілі выязджаць на лекаванне за мяжу.
Прычыны адказу ў лісце з крымінальна-папраўчай інспекцыі Ленінскага раёна Мінску не тлумачацца. Палітык сцвярджае, што ён не прасіў ва ўладаў дазволу, а толькі паведамляў пра свае планы. І адмаўляцца ад іх не збіраецца.
Някляеў: “Я ў іх не прасіўся і не збіраюся некуды прасіцца! Я напісаў такую паперу, на падставе якой яны не чапляліся б да маёй жонкі, калі мяне не будзе. Мінулыя разы, калі я ад’язджаў, прыходзілі штовечар, штодня і патрабавалі, каб яна пісала тлумачэнне — дзе я, што я... Нібыта яна сама арыштаваная і знаходзіцца пад наглядам”.
Называць хваробу, якую трэба лекаваць за мяжой, палітык не стаў. Сказаў толькі, што займеў яе падчас знаходжання ў СІЗА КДБ. І прызнаўся, што ў Беларусі яе вылекаваць можна, але медыкі даюць толькі 60% гарантыі поспеху. За мяжой жа гарантыя добрага выніку — 100%. Праўда, і каштуе гэта нават не дзясяткі тысяч еўра. Але Някляеву паабяцалі аплаціць лекаванне замежныя сябры.
Нягледзячы на забарону замежную паездку палітык плануе на бліжэйшы час. Кажа, права чалавека на здароўе зацверджана Канстытуцыяй. Хоць і не выключае, што яго могуць “завярнуць” на мяжы.