Някляеў: Шульц будзе прытрымлівацца “роўнай” нямецкай палітыкі
Чакаць ад новага кіраўніка Еўрапарламента Марціна Шульца “крэатыву” ў дачыненні да Беларусі не даводзіцца.
Прынамсі, па першым часе. Але і потым ён будзе прытрымлівацца стрыманай пазіцыі Нямеччыны ў гэтым пытанні, лічыць лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў.
Някляеў: “Першы час, пакуль ён будзе разбірацца і прымярацца да новага крэсла, будзе нейкі зацішак. Нельга чакаць, што ён прыйдзе і нешта такое крэатыўнае зробіць. Але не можа немец быць не-немцам і не можа ён выходзіць за рамкі ўжо неяк абазначанай палітыкі той краіны, якая фармуе большую частку палітыкі Еўрасаюза. Ён будзе, відаць, прытрымлівацца ўзгодненай нямецкай пазіцыі ў адносінах да Беларусі. А яна, як бачым, даволі роўная. Калі не сказаць — надта роўная”.
Па словах Някляева, у руках старшыні Еўрапарламента няма такіх рычагоў уплыву, як, да прыкладу, у Еўракамісіі. І той самы Ежы Бузэк абмяжоўваўся толькі рэзкімі заявамі ў бок беларускага рэжыму. Але і гэта — вялікая маральная падтрымка для грамадзянскай супольнасці Беларусі. Такую ж падтрымку, кажа лідар “Гавары праўду!”, апазіцыя спадзяецца адтрымаць і ад Марціна Шульца.