Някляеў вінаваціць Рубінава ў неканстытуцыйных выказваннях

Лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў патрабуе даць прававую ацэнку выказванням старшыні Савета Рэспублікі Анатоля Рубінава. На думку Някляева, прапановы Рубінава пра ўвядзенне ў нашай краіне расійскага рубля носяць антыканстытуцыйны характар і накіраваныя на пазбаўленне Беларусі часткі суверэнітэту.

Галоўную небяспеку Някляеў бачыць у тым, што гэтыя выказванні старшыні Савета Рэспублікі — не яго асабістае меркаванне.

Някляеў: “Я не думаю, што калі б такія размовы не хадзілі ў асяродку чынавенства, у асяродку кіраўніцтва краіны, у адміністрацыі прэзідэнцкай, то спадар Рубінаў гэта б агучыў. Я бачу ў гэтым вельмі рэальную рэч (увядзенне расійскага рубля ў Беларусі. — Еўрарадыё.), і яна звязаная з тым, што ўлада хоча захавацца. І яна можа пайсці на такі крок, як увядзенне расійскай валюты на тэрыторыі Беларусі”.

Някляеў не чакае, што Генпракуратура прыцягне Рубінава да адказнасці за выказванні. Хутчэй, лічыць ён, у лісце з пракуратуры будуць даводзіць, што выказванні старшыні Савета Рэспублікі наконт увядзення расійскага рубля — яго прыватнае меркаванне. Але выказванні чыноўніка такога ўзроўню па такім важным пытанні і ў галоўнай газеце Адміністрацыі прэзідэнта Някляеў адмаўляецца лічыць прыватным меркаваннем. Ён спадзяецца сваім зваротам у Генпракуратуру прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы.

Фота: сайт кампаніі "Гавары праўду!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі