Па дарозе з Брэстчыны да Мінска клубніцы даражэюць удвая

120614 Martin Klubnicy.mp3

“Клубніцы для рынкаў і ў крамах па 8-10 тысяч. Клубніцы для вытворчасці віна па 2 тысячы, і для сокаў ідзе па 3 тысячы”, — агучваць кошты, па якіх прымаюць клубніцы ў Лунінецкім спажывецкім таварыстве.

У Мінску тыя самыя клубніцы прадаюць па іншых коштах. Пакуль даедзе да рынка, цана вырастае ў два з паловай разы.

“Клубніцы, якія па 8 тысяч, у Мінску іх прадаюць па 20-25. Мы іх таксама скуплялі, вывозілі ў Мінск і па 16 тысяч, і па 17”, — прызнаюць у Лунінцы.

Атрымліваецца, па 8-9 тысяч прыбытку ад кожнага кілаграму. З кілаграму ягад, якія бяруць на перапрацоўку, па тысячы прыбытку.

На рынку клубніцы аддаюць за 18-20 тысяч. Здаваць дзяржаве па 9 тысяч рублёў нявыгадна. Прасцей прывезці ў сталіцу самому.

Клубніцы з Камароўкі

“Мы не здаем дзяржаве, у нас мала, таму самі прывозім. У нас нават суседзі скупляюць па 15 і прадаюць потым па 20”, — расказвае Алена Дзмітрыеўна. Свае клубніцы на "Камароўку" яна прывезла з Лунінецкага раёну.

“Сюды мы прывозім добрыя, а дзяржаве здаем бочкамі не вельмі добрыя”, — расказвае Ірына Пятроўна пра ягады, якія ідуць на віно. На Камароўскім рынку яе клубніцы прадаюць па 18 тысяч.

Кошты на ягады мяняюцца штодзень. Бо залежыць ад надвор’я і ўраджаю. А дзяржаўныя кошты… фіксаваныя. Яны мяняцца не могуць.

“Пайшлі дажджы, кошты пайшлі ўверх. Мінімальны кошт быў ад 4 да 6 — цяпер каля 10. І кошт можа змяніцца за некалькі гадзінаў. Трэба, каб дзяржава рэагавала на гэтыя кошты, а яна вельмі павольная. У Мінску кошты вышэй удвая, бо перакупшчыкі імкнуцца зарабіць”, — расказвае Сяргей, ён сам вырошчвае клубніцы на 30 сотках.

І дзяржаве не здае.

“У каго вядро толькі, таму прасцей здаць. А калі ў мяне свае клубніцы, ёсць рацыя самому завезці іх ў Мінск. А кошты ўдвая большыя, бо паліва цяпер нятаннае”, — тлумачыць Сяргей.

На "Камароўцы" Еўрарадыё набывае кілаграм клубніц за 20 тысяч. На смак нічога, але пасля мыцця хутка псуецца.

Дарэчы, у Варшаве клубніцы крыху таннейшыя, чым у Мінску — ад 14 да 17 тысяч за кілаграм у пераводзе на беларускія грошы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі