Прысуд па "экстрэмісцкіх" фота Ашмянскі суд абвесціць у чацвер
"Гэтыя матэрыялы негатыўна адлюстроўваюць жыццядзейнасць беларускага народа", — заявіла ў судзе прадстаўніца КДБ.
Прысуд будзе абвешчаны ў чацвер а 16-й гадзіне.
16.20. Пачаліся спрэчкі бакоў. Выступіла прадстаўніца КДБ, якая папрасіла прызнаць альбом экстрэмісцкім. Фатографы гэтаму запярэчылі. На іх думку, здымкі толькі адлюстроўваюць тое, што адбываецца ў краіне, а не заклікаюць да экстрэмізма.
16.05. У судзе абвешчаны перапынак на 10 хвілін. Пасля яго пачнуцца спрэчкі бакоў.
***
Адвакат Дарашкевіч просіць суддзю выклікаць на працэс усіх экспертаў з камісіі, якая ацэньвала альбом. Суддзя адмовіўся запрашаць экспертаў з камісіі на працэс. Гаворыць, што яны ўжо выказаліся на паперы.
***
Больш нараканняў у экспертаў выклікалі нават не самі фотаздымкі, а подпісы да іх. Пра гэта на судзе заяўляе кіраўнік аддзела ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама і адзін з членаў экспертнай камісіі. Ён паведамляе таксама, што ёсць прэтэнзіі да "агульнай канцэпцыі выдання".
"Ад грамадзян скаргаў на альбом не паступала. Гэта наша ўражанне, што выданне скажае жыццё нашай краіны", — заяўляе Скрабко.
Скрабко пра фота Лукашэнкі ў альбоме: "Шарыкі на твары не прыдаюць папулярнасці прэзідэнту".
***
"Маю тры адукацыі. Першая — апрацоўка метала, другая гістарычная, трэцяя — ідэолаг... Склад камісіі быў узгоднены з універсітэтам. Мастацтвазнаўцы, псіхолагі і юрысты", — расказвае ідэолаг. На пытанні адвакатаў аб адукацыі аднаго з экспертаў (Аляксандра Бондара), Скрабко адказаць не змог. Паведаміў толькі, што ён працуе ў Гродзенскім універсітэце. Ідэолаг падцвердзіў, што зацвярджаў камісію сам. "Іх выбіралі па дабраахвотнай, так скажам, згодзе... Хілюту я сам ведаў. Некаторых параілі калегі... Я не паведамляў экспертам іх правы і абавязкі", — гаворыць ідэолаг.
***
Суддзя скончыў зачытваць вынікі экспертызы. Адвакат Дарашкевіч просіць прадстаўніцу КДБ даказаць кампетэнтнасць экспертаў, якія праводзілі аналіз альбома. Яна адмовілася прадставіць адпаведныя паперы, паведаміўшы: "У мяне няма такіх дакументаў". Пачынае выступаць эксперт Скрабко. Суддзя просіць яго адказаць на пытанні, зададзеныя адвакатам юрысконсульту з КДБ.
***
Суддзя пачаў вывучаць вынікі экспертызы альбома "Прэс фота Беларусі 2011", праведзенай КДБ. Пасля гэтага на працэсе выступіць Павел Скрабко - кіраўнік аддзела ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама і адзін з членаў экспертнай камісіі. Яго подпіс стаіць пад экспертызай альбома.
***
У судзе выступае Юлія Дарашкевіч. Яна расказвае суддзі аб конкурсе "Прэс фота Беларусі", тлумачыць, якім чынам адбіраліся здымкі для альбома. "Дык там уся соль? Лепшыя фотаздымкі за 2010 год", — рэзюмуе суддзя Давыдаў.
***
У судзе выступае прадстаўніца КДБ. Тэкст, запінаючыся, чытае з паперкі. Яна пацвердзіла просьбу прызнаць альбом "Прэс-фота Беларусі 2011" экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адказваючы на пытанне адваката аб тым, якім чынам складалася экспертная камісія, адказала, што гэтым займаўся ідэалагічны аддзел Гродзенскага аблвыканкама. КДБ звярнуўся туды з лістом аб дапамозе. "Гэтыя матэрыялы негатыўна адлюстроўваюць жыццядзейнасць беларускага народа", — заявіла суду прадстаўніца КДБ Наталля Скурат.
***
А 14-й судовы працэс працягнуўся. Суддзя паўторна забараніў весці фота і відэаздымку працэсу. На гэтым настойвала КДБ, які на працэсе прадстаўляе Наталля Скурат (яна юрысконсульт УКДБ па Гродзенскай вобласці). Скурат адмовіла Еўрарадыё ў каментары. Адмовілася таксама расказаць, ці бачыла фотаздымкі з альбома "Прэс-фота Беларусі 2011".
Суддзя, у сваю чаргу, адмовіўся спыняць справу. Не задаволіў таксама хадайніцтва аб прызначэнні новай экспертызы.
***
Суддзя Давыдаў не дазволіў, каб Гары Паганяйла і Андрэй Бастунец выступалі грамадскімі прадстаўнікамі на працэсе.
Цяпер на судзе абвешчаны перапынак да 14-й гадзіны, бо адбываецца разгляд хадайніцтваў абароны.
Нагадаем, што абарона хадайнічае аб закрыцці справы праз парушэнне працэдур пры экспертызе КДБ. Таксама з боку адвакатаў пададзена хадайніцтва пра новую экспертызу. Пры гэтым абарона фатографаў спасылаецца на тое, што эксперты, абраныя Камітэтам дзяржбяспекі не мелі належнай кваліфікацыі для экспертызы.
***
Суд па "экстрэмісцкіх" фота абвешчаны адкрытым
Такое рашэнне прыняў суддзя, які вядзе працэс.
”Суддзя абвясціў, што не падтрымлівае хадайніцтва прадстаўніка КДБ аб закрытым працэсе. Суд будзе адкрытым. Але ўсе журналісты ўжо выйшлі. Засталіся юрыст Гары Паганяйла і прадстаўнік БАЖ Андрэй Бастунец”, - перадае карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі.
Адвакатка Вадзіма Заміроўскага хадайнічае аб закрыцці справы. На яе думку, даведка экспертнай камісіі КДБ зробленая з парушэннем неабходных працэдур.
Нагадаем, што КДБ прызнаў экстрэмісцкімі фатаграфіі з альбома "Belarus Press Photo". Некалькі дзясяткаў асобнікаў гэтага альбома былі затрыманыя мінулай восенню на Ашмянскай мытні.
***
Пачатак працэсу ў Ашмянскім судзе прызначаны на 11 гадзін. На яго прыехалі журналісты і праваабаронцы.
Як паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі з месца падзеяў, на працэс прыбылі фатографы Юлія Дарашкевіч і Аляксандр Васюковіч з адвакатамі.
Працэс абвешчаны закрытым, таму пабочныя асобы на яго не трапяць. Тым не менш, да будынка суда прыбылі каля 15 журналістаў, у тым ліку з расійскага НТВ. З вядомых грамадскіх дзеячаў каля суда ёсць толькі праваабаронца Гары Паганяйла. Нікога з палітыкаў няма.
Нагадаем, КДБ угледзеў экстрэмізм у фатаграфіях з альбома Belarus Press Photo.
Злева направа: Юлія Дарашкевіч, Аляксандр Васюковіч, Вадзім Заміроўскі
Фота Еўрарадыё і svaboda.org