Пасля крытыкі Лукашэнкі кантрацэптывы вернуць у безрэцэптурны спіс?

Тым часам на прыём да гінеколага ў паліклініцы сёння запісваюць толькі на сярэдзіну чэрвеня!
Журналістка Еўрарадыё ізноў спрабуе запісацца на прыём да гінеколага ў мясцовую паліклініку. Але ізноў там просяць пачакаць ажно… месяц!


Паліклініка №16: “Запіс да гінеколагаў толькі на чэрвень. Ужо няма запісу на травень! Толькі на 11 чэрвеня...”


Спрабую запісацца ў іншай паліклініцы, там просяць пачакаць крыху менш, але ўсё адно — больш за два тыдні.


Паліклініка №4: “Ёсць час на 31 траўня, 10.25. На раней усё распісана”.


З ліпеня супрацьзачаткавыя таблеткі меркавалі прадаваць толькі паводле рэцэпту. Але каб атрымаць рэцэпт, давядзецца наведацца да гінеколага. А гінеколаг — толькі праз месяц!


Міністэрства аховы здароўя пачынае жорстка кантраляваць аптэкі, каб тыя прадавалі лекі выключна паводле дакумента ад доктара. У спіс лекаў без рэцэпту ўваходзяць абязбольвальныя, супрацьпрастудныя, лекі, якія прымаюць пры разладзе страўніка, і г.д. Лекі ад гіпертаніі і кантрацэптывы — толькі паводле рэцэпту!


Але як даведалася Еўрарадыё, пасля крытыкі прэзідэнта супрацьзачаткавыя таблеткі могуць вярнуць у безрэцэптурны спіс. Бо Лукашэнка лічыць, што Мінздароўя крыху перабольшвае…


“З’явіліся скаргі нашых грамадзянаў на новую сістэму водпуску лекаў толькі па рэцэпце, якую плануецца ўвесці бліжэйшым часам. Я прашу міністра аховы здароўя з гэтым разабрацца. Не наламайце дроў, дурасці каб не было ў гэтых мерапрыемствах. Разбярыцеся. Там, дзе трэба, зрабіце, дзе не трэба, не рабіце. Усё вярніце на кругі свае”, — гаворыць кіраўнік краіны 8 траўня, выступаючы з пасланнем.


Якое ж рашэнне прыме Міністэрства аховы здароўя пасля такога?


“Безрэцэптурны пералік сёлета выдаваўся, але цяпер ён перапрацоўваецца. Мінздароўя праводзіць шмат мерапрыемстваў — шмат працы правялі з паліклінікамі, са стацыянарамі, з дактарамі… У тым ліку мы яшчэ раз паглядзелі рэдакцыю гэтага пераліку, каб яе нейкім чынам адкарэктаваць. У тым ліку і ў святле той інфармацыі, якая прагучала ў пасланні прэзідэнта беларускаму народу”, — прызнаюцца ў Міністэрстве аховы здароўя.


У мінскай паліклініцы №6 рыхтуюцца, што будзе цяжка… Але спадзяюцца штосьці прыдумаць, кажа намесніца галоўнага лекара Вольга Зайцава. Магчыма, рэцэпты будуць выдаваць адразу на паўгода!


Спіс лекаў, якія адпускаюць без рэцэпту, можна паглядзець тут. У абноўленым спісе — 964 найменняў лекаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі