Перадвыбарчы сайт Някляева цяпер кансультуе рамонтнікаў і дызайнераў
Пасля таго, як Еўрарадыё гэта заўважыла, кампанія “Гавары праўду!” стала разбірацца, як такое магло здарыцца.
Лідэр кампаніі “Гавары праўду!” да апошняга часу меў два сайты, у назве якіх прысутнічала яго прозвішча — http://nekliaev.by і http://nekliaev.org. На першым ён як паэт выкладаў свае творы ды іншыя рэчы, цікавыя прыхільнікам яго творчасці. Другі быў сайтам Някляева — кандыдата ў прэзідэнты. Але зараз “кандыдацкі” сайт прапаноўвае... кансультацыі па будаўніцтве, рамонце і дызайне.
Гэта знаходка Еўрарадыё прывяла ў разгубленасць і самога Някляева і яго найбліжэйшага паплечніка і актыўнага інтэрнэт-карыстальніка Андрэя Дзмітрыева.
Дзмітрыеў: “Я адразу перанакіраваў гэтую інфармацыю таму, хто за гэта адказны. Справа ў тым, што павінна быць так: заходзіш на http://nekliaev.org і цябе перанакіроўвае на сайт кампаніі “Гавары праўду!” http://zapraudu.info. Таму, мы зараз з гэтым разбіраемся”.
Дзмітрыеў упэўнівае, што яны гэты сайт з “раскручаным” імем у назве нікому не прадавалі.
Дарэчы, сам Някляеў прызнаўся, што даўно не абнаўляў свой “паэтычны” сайт і нават не заходзіў туды колькі месяцаў. Кажа, трэба праверыць, ці і там чаго не здарылася "нечакана-будаўнічага".