Пэтэр Шцястны: Забарона спартовых мерапрыемстваў у гісторыі мела вынікі
Легендарны хакеіст, які рэзка выступае за адмену чэмпіянату свету ў Беларусі, растлумачыў, чаму часам неабходна мяшаць спорт і палітыку.
Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк і шэраг еўрадэпутатаў, сярод якіх славуты славацкі хакеіст Пэтэр Шцястны, звярнуліся да прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея з прапановай не праводзіць у Беларусі чэмпіянат свету 2014 года да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Еўрарадыё застала Пэтэра Шцястнага, калі ён збіраўся вылятаць са Страсбурга ў Браціславу, каб пралабіраваць сярод дэлегатаў Кангрэса IIHF сваю прапанову. Ён растлумачыў, чаму ў выпадку Беларусі неабходна мяшаць спорт і палітыку.
Еўрарадыё: Спадар Шцястны, чаму вы асабіста падтрымалі ініцыятыву адмены правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі?
Пэтэр Шцястны: Сітуацыя з асноўнымі правамі чалавека ў суседняй з Еўрасаюзам краіне – вельмі важная справа. Гаворка не пра краіну, якая ляжыць за сотні міляў ад нас. І важнасць сітуацыі падкрэслівае як аднагалосна прынятая рэзалюцыя амерыканскім Кангрэсам, які прадстаўляе 300 мільёнаў чалавек, так і прынятая абсалютнай большасцю рэзалюцыя Еўрапейскага парламента, які рэпрэзентуе больш за паўмільярда грамадзян.
Еўрарадыё: Некаторыя лічаць, што спорт – гэта адно, а палітыка – іншае...
Пэтэр Шцястны: Некаторыя рэчы больш важныя, чым спорт. Гэта маё асабістае меркаванне і проста здаровы сэнс. Не трэба ўзнагароджваць дыктатарскі рэжым, які так брутальна абыходзіцца са сваімі людзьмі. Федэрацыя павінна разумець, якія наступствы будзе мець правядзенне чэмпіянату ў такіх умовах. Я цудоўна ведаю і разумею, што спорт спрыяе добрым адносінам паміж народамі, але і забарона спартовых мерапрыемстваў мела ў гісторыі станоўчыя вынікі. Напрыклад, у часы змагання з апартэідам. З нядаўніх падзеяў можна прыгадаць, як у сувязі з падзеямі ў Бахрэйне, даволі хутка прынялі рашэнне адмяніць там Формулу-1. Таму часам выключэнні неабходныя.
Некаторыя рэчы больш важныя, чым спорт. Гэта маё асабістае меркаванне і проста здаровы сэнс.
Еўрарадыё: А ў гісторыі сусветнага хакея?
Пэтэр Шцястны: Таксама прэцэдэнты былі. Напрыклад, калі ў 1968 годзе войскі СССР і краін Варшаўскага пакту ўварваліся ў Чэхаславакію, чэмпіянат мусіў праходзіць у Празе. 19 снежня прынесла радыкальныя змены, і мы не мусім заставацца нейтральнымі, пакуль у турме трымаюць нявінных людзей, пакуль ідуць несправядлівыя судовыя працэсы.
Еўрарадыё: Вы даволі добра ведаеце пра палітычную сітуацыю ў Беларусі. Ці маеце там сяброў?
Пэтэр Шцястны: Не, але захапляюся гульнёй беларускіх хакеістаў – Грабоўскага, братоў Касціцыных. Часам у Еўрапарламенце мы прымаем Аляксандра Мілінкевіча, Аляксандра Казуліна і іншых палітычных дзеячаў.
Пэтэр Шцястны. Фота славацкага навіннага агенцтва SITA.
Еўрарадыё: Наколькі вялікая верагоднасць, што сёлетні Кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакея, які пройдзе 13-15 траўня, будзе вырашаць лёс чэмпіянату ў 2014 годзе?
Пэтэр Шцястны: Наспеў час для таго, каб нехта прачнуўся і падняў гэтае пытанне. Я ведаю, што прэзідэнт Федэрацыі Рэнэ Фазэл сам гэтае пытанне падымаць не будзе. Але калі нехта з дэлегатаў Кангрэса (старшыні нацыянальных хакейных федэрацый) гэта зробіць, то паводле правіл, яго мусяць вынесці на галасаванне.
Я сам кантактую з некаторымі з дэлегатаў, а мае калегі – з іншымі. Мы робім усё магчымае, каб нехта падняў пытанне пра замарозку правядзення спаборніцтва ў Беларусі, пакуль у краіне застаюцца палітычныя зняволеныя. Літаральна зараз я адлятаю са Страсбурга ў Браціславу, буду там прынамсі два бліжэйшыя дні, пастараюся скантактавацца яшчэ з некаторымі. Калі раптам не пройдзе на гэты раз, то мы працягнем сваю дзейнасць, каб зрабіць гэта праз год.
Еўрарадыё: Гэта значыць, калі не гэты, то наступны Кангрэс можа прыняць адпаведнае рашэнне?
Пэтэр Шцястны: Вядома, да 2014 года будуць яшчэ пасяджэнні Кангрэса, яны штогадовыя ў перыяд правядзення сусветных спаборніцтваў. Таму будзе час, каб падрыхтавацца лепей, і лепей растлумачыць кожнаму дэлегату, што адбываецца. Бо на сёння я сумняваюся, што большасць з іх добра праінфармаваная. Без сумневу, мы будзем працягваць свой ціск. Мы мусім дзейнічаць, бо сітуацыя крытычная!
У Міжнароднай федэрацыі хакея Еўрарадыё паведамілі, што пытанне аб адмене чэмпіянату ў Беларусі сапраўды можа быць разгледжанае ўжо напрыканцы гэтага тыдня.
"Наступны Кангрэс Міжнароднай хакейнай федэрацыі пройдзе ў Браціславе 13-15 траўня. Прадстаўнік любой з 69 краін-удзельніц Федэрацыі, уключна з чыноўнікамі выканаўчага органа Кангрэса, маюць магчымасць узняць гэтае пытанне. І ў такім выпадку Кангрэс будзе абмяркоўваць і прымаць пэўнае рашэнне", – распавёў прадстаўнік IIHF Адам Стэйс.
Падрабязней пра працэдуры Міжнароднай федэрацыі хакея чытай:
Лёс чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску могуць вырашыць праз 2 месяцы
Даведка Еўрарадыё:
Пэтэр Шцястны (Peter Šťastný) – славацкі хакеіст, гуляў у НХЛ з 1980 па 1995 гады. Набраў большую колькасць гульнявых балаў (100) у свой першы год у Лізе, чым любы іншы гулец у гісторыі НХЛ. У 1998 годзе ўключаны ў Залу хакейнай славы. У рэйтынгу НХЛ па гульнявых балах – 34-ы за ўсю гісторыю хакея. З 2004 года – дэпутат Еўрапарламента ад Славакіі.