Польская амбасада бясплатна раздае беларускія кнігі
"Але людзі здзіўляюцца, і не ўсе нават наважваюцца ўзяць".
Калі летась кніжны кірмаш у Мінску быў пад венесуэльскім сцягам, то сёлета большасць плошчаў аддалі расійскім выданням. Беларускіх жа кніг зусім не шмат. Праходзячы паміж шматлікімі павільёнамі, заўважаю "Сымона-музыку" ды яшчэ некалькі кніг Коласа і Купалы ў Нацыянальнай кніжнай палаце і Беларускай асацыяцыі бібліятэк. На стэндзе "Белкнігі" — выданні Саюза беларускіх пісьменнікаў, трошкі кніг па-беларуску — у "Мастацкай літаратуры".
Ля стэнда кнігарні "ЛогвінаЎ" не прапхнуцца, бо гэта ледзь не адзінае месца з шматлікім прадстаўніцтвам беларускіх аўтараў.
"Праўда, арэнда каштуе дорага, але мы вырашаем удзельнічаць. Бо гэта сустрэчы з новымі людзьмі, рэклама нашай кнігарні, — пакуль дырэктарка кнігарні Кацярына Пікірэня распавядае гэта, збіраецца чарга. — Вялікая цікавасць да нашага павільёну. Я прыемна ўражаная, думала, што ў першы дзень будзе менш людзей. Асаблівым попытам карыстаецца дзіцячая літаратура".
Арэнда для
невялікага прыватнага выдання сапраўды не маленькая: за
Тут жа побач заўважаю маленькі, але вельмі цікавы стэнд мінскай "Тэхналогіі" з кнігамі Адама Міцкевіча, Міхася Чарняўскага і выданнямі "Нашай Нівы". На стэндзе БДУ — комікс Адама Глобуса "Дзікае паляванне".
А вось выдаўца Змітра Коласа сёлета на выставе не знаходжу. Таму беларускія кнігі разышліся па паліцах стэндаў розных замежных амбасад. У фінскай ляжаць пераклады на беларускую мову фінскай пісьменніцы Тувэ Янсан "Маленькія тролі й вялікая паводка", выдадзеная Коласам, і таксама пераклад шведскага пісьменніка Мікаэля Ніэмі "Папулярная музыка з Вітулы". Шведскай амбасады на выставе сёлета, вядома ж, няма. А польская бясплатна раздае кнігі!
"Людзі падыходзілі, спрабавалі набыць. Калі ім казалі, што бясплатна, яны здзіўляліся, і не ўсе нават наважваліся ўзяць", — распавядае прэс-сакратар прэміі імя Гедройца Павел Анціпаў. — Размялі амаль усё ўжо. Абяцаюць падвезці — Януш Корчак, Мілаш Зэман, Збігнеў Герберт, кніжкі пра Катынь. Былі блакноты, але іх разабралі яшчэ хутчэй".
Польская амбасада як адзін з асноўных фундатараў прэміі Ежы Гедройца, якая ўручаецца за найлепшую беларускую прозу, амаль цалкам аддала свой стэнд пад кнігі на беларускай мове.
Паводле слоў намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Радзькова, выстава штогод набірае абароты.
"Штогод выстава набірае. Сёлета новы госць — Індыя, 25 краін, арт-паверх. На гэты раз ганаровы госць Расія, была Венесуэла, Германія была. Сустрэчы з пісьменнікамі, мы чакаем Аляксандра Андрэевіча Праханава. Тут як клуб — сустрэчы, прэзентацыі, шмат моладзі. Мы заўсёды прасілі, каб студэнтаў, школьнікаў было як мага больш тут".
Ну і традыцыйна стэнды прыватных выдавецтваў знаходзяцца ў левым і правым кутах у самым канцы залы.