Re1ikt: З новым-старым вакалістам і па калена ў сайд-праектах

21 жніўня Re1ikt вяртаецца на мінскую сцэну з новым-старым вакалістам. Уладзімір Казлоў уліўся ў склад гурта пасля 8 месяцаў, так бы мовіць, самастойнасці. Еўрарадыё запрасіла “рэліктаў” Вову Казлова і Сашу Дземідзенка да сябе ў госці, каб даведацца, як музыкам жылося “у разводзе”, і што цяпер зменіцца ў музыцы гурта.

Еўрарадыё: Пачнём з таго, Вова, як мы з табой два з паловай гады таму сядзелі ў мяне на кухні і размаўлялі пра Re1ikt. Гурт пасля перамогі на “Бардаўскай восені” за чатыры месяцы не здолеў сабрацца на рэпетыцыю, а ў музыкаў было толькі дзве гітары на траіх. Ці змянілася што-небудзь з тых часоў?

Уладзімір Казлоў: Шмат чаго адбылося. Самае простае ― гэта пашырэнне складу удзельнікаў. Я часам думаю, мець для стварэння музыкі калектыў з пяці чалавек ― гэта вялікая раскоша. Тады мы толькі пераязджалі ў Мінск, а цяпер мы тут трывала замацаваліся. І шмат чаго разам перажылі.

Еўрарадыё: А колькасць гітар павялічылася?

Аляксандр Дземідзенка: Павялічылася. Але на ўсіх усё роўна не хапае!

Еўрарадыё: Саша, чым гурт без гітар і без вакаліста займаўся апошнія восем месяцаў?!

Аляксандр Дземідзенка: Вось ты цяпер зусім як мая былая начальніца: “Аляксандр, чым вы займаецеся на працы?!” У мяне адразу непрыемныя эмоцыі. І хочацца сказаць: “Ды нічым мы не займаліся, проста сядзелі!”

Еўрарадыё: Мяне гэты адказ ну ніяк не задавальняе!

Аляксандр Дземідзенка: Ну, калі хочаш сур’ёзна, дык на табе… Вы, напэўна, усе ведаеце, што Уладзімір часова сышоў з калектыву. За гэты час мы… Развіваліся духоўна! І запісалі альбом для сайд-праекта Re123+, але ён яшчэ не даведзены да ладу.

Еўрарадыё: Калі гэтая праца вялася за адсутнасцю вакаліста, значыць, альбом інструментальны?

Аляксандр Дземідзенка: Не! Мы запрашалі вакалістаў, прычым, вельмі і вельмі цікавых! Але што за яны ― пакуль што вялікі сакрэт. І яшчэ мы паспелі зрабіць інструментальную праграму для аднаго цікавага праекта.

Еўрарадыё: Яшчэ адзін сайд-пракет?!

Аляксандр Дземідзенка: Не, гэта культурны праект, у якім бярэ ўдзел Re1ikt. Але і гэта таксама пакуль што сакрэт, вось так мы шмат сакрэтнічаем.

Еўрарадыё: То бок, вы скарысталіся прастоем, каб дарабіць працу, да якой раней не даходзілі рукі?

Аляксандр Дземідзенка: Прастой ― гэта слова з негатыўным адценнем. У нас прастою не было.

Еўрарадыё: ОК, назавем гэта паўзай.

Аляксандр Дземідзенка: Адпачынак. Гэта пераасэнсаванне дзейнасці гурта, мэты, з якой ён існуе , нашых адносін. Таму, ніяк не прастой.

Уладзімір Казлоў

Еўрарадыё: Вова, а чым ты займаўся гэтыя 8 месяцаў?

Уладзімір Казлоў: Найперш ― я ажаніўся. Знайшоў шчасце і ўнутраны спакой.

Еўрарадыё: Дзе твой вялікі праваслаўны крыж?

Уладзімір Казлоў: Усё тут, усё пры мне. Ну, і, дарэчы, працягваў пісаць музыку. Рыхтую праграму.

Еўрарадыё: То бок, тое, што напісаў за 8 месяцаў, цяпер прэзентуеш “рэліктам”?

Уладзімір Казлоў: Не, Re1ikt’a гэта ўвогуле не будзе тычыцца. Зусім іншая музыка. Гэта тычыцца толькі мяне. А што да Re1ikt’a… Я толькі на першай пасля вяртання рэпетыцыі зразумеў: ага, я ў гурце ўжо сем гадоў… А сем гадоў ― гэта той тэрмін, за які чалавек цалкам змяняецца! Змяняецца і светапогляд і ўнутраныя органы. Працягваць супрацоўніцтва з гуртом і заставацца тым жа самым было папросту немагчыма! Таму і адбыўся перапынак. Хаця, лепш назваць гэта разрывам. Якім я, дарэчы, вельмі задаволены. Я за гэты час шмат з пазіцыі гледача глядзеў на Re1ikt…

Еўрарадыё: Як у анекдоце пра басіста, які перад выступам знік, а пасля прыходзіць і кажа: “Я з залы вас паслухаў, хлопцы, ну і лайно вы граеце без басухі!”

Уладзімір Казлоў: Ну, не зусім так. Але асабіста для сябе я высновы зрабіў, і магу вярнуцца да працы.

Еўрарадыё: Ну, калі ўжо ты вярнуўся, дык можна крыху распавесці пра тое, як ты сыходзіў. Ці быў скандал, высвятленне адносінаў, пабітыя кубкі?

Аляксандр Дземідзенка: Можам цяпер, пост-фактум, у студыі Еўрарадыё асабіста для цябе пару кубкаў разбіць! А ўвогуле, мы ж дарослыя людзі і прыстойныя. Якія скандалы! Усё было чынна.

Еўрарадыё: А вакаліста, які апошнім часам замяняў Вову, давялося пакрыўдзіць?

Аляксандр Дземідзенка: Ну што ты! З Сержуком адразу была такая дамова, што ён нам часова дапамагае. Таму выганяць нікога не давялося.

Еўрарадыё: То бок, вы загадзя дамовіліся, што Вова праз нейкі час вернецца?

Аляксандр Дземідзенка: Мы запрасілі Сержука ў гурт, але ён адразу кажа: “Мне з вамі падабаецца, але ў мяне ёсць свае праекты, Vuraj і Fraterz, і яны застануцца асноўнымі”. Гэта ўсіх задаволіла.

Аляксандр Дземідзенка

Еўрарадыё: А колькі разоў на тыдзень рэпетуеце?

Уладзімір Казлоў: Амаль штодня.

Аляксандр Дземідзенка: Для нас падрыхтоўка музыкі ― вельмі адказная справа. Тут рабіць лухты нельга. Якасны прадукт мусіць быць на кожным узроўні.

Еўрарадыё: Ты ж разумееш, што ўсё роўна вас будуць любіць, нават калі вы нешта і не дагледзіце.

Аляксандр Дземідзенка: Усё складаецца з дробязяў. Калі б мы дробязі не ўлічвалі, вы б, напэўна, не бачылі таго Re1ikt’а, які ёсць. Вось уяві сабе сейф, толькі каб адчыніць яго, трэба дакладна павярнуць не адну, а дзвесце ручак. І калі ты 199 дакладна паставіш, а на апошняй на пару міліметраў прамажаш, сейф не адчыніцца!

Еўрарадыё: Я так разумею, з мінулага кастрычніка, калі выйшаў альбом “Рэкі прабілі лёд”, вы новых песень так і не рыхтавалі. Дык што, новы альбом пачынаецца з нуля?

Аляксандр Дземідзенка: Ва ўсіх музыкаў ёсць ідэі. Мы заўжды абмяркоўваем, што будзем далей рабіць. Ну і, да таго ж, рэпетыцыі праходзяць, мы робім напрацоўкі, спрабуем, эксперыментуем. І робім маркеры.

Еўрарадыё: Але песні-та ўсё роўна давядзецца пісаць з нуля! Значыць, новы альбом будзе не хутка.

Аляксандр Дземідзенка: Слухай, песні ― гэта не праблема. Ёсць такі выраз: “Гаршчэчак, вары!” Дык вось, гэта пра мяне і, увогуле, пра ўсіх нас, як пра творчых адзінак. Калі я кажу сабе, што трэба пісаць песні, я сядаю і пішу. Але мы пішам толькі тады, калі адчуваем патрэбу. Пэўную музычную справу зрабілі ― час пачынаць новую! Бо добра ведаем, што калі песень будзе зашмат, частка згубіцца. І іх будзе шкада.

Еўрарадыё: Вова, што ў цябе змянілася апошнім часам, калі казаць менавіта пра песні, пра падыход да тэкстаў?

Уладзімір Казлоў: Найперш, досведу прыбавілася. Я добра цяпер разумею канцэпцыю гурта Re1ikt: мы граем тое, што з сябе прадстаўляем! І я добра прадстаўляю сябе сабе. Мы з жонкай збіраемся будаваць дом у вёсцы. Ну, і крышачку прачыню дзверы: Re1ikt будзе рухацца ў напрамку існасці, адзінства з прыродай. Для мяне песні ― рэтрансляцыя пажаданняў, жыццёвых намераў, энергіі ў музыку. Для мяне ўсё проста.

Еўрарадыё: Калісьці пра гурт Radiohead была такая показка. Фанаты спрабавалі здагадацца, на якую песню з альбома OK Computer будзе падобны альбом Kid A. У выніку, ён быццам бы апынуўся падобны на Fitter Happier ― дзвюххвілінную мяшанку з гукаў. І я так разумею твой адказ, што наступны альбом Re1ikt будзе падобны на “Ой рана на Івана”.

Уладзімір Казлоў: Думаю, што не. Трэк “Ой рана на Івана” ― гэта наша першая спроба, першае знаёмства з беларускім фолкавым матэрыялам. “Ой рана на Івана” ― гэта надта проста.

Аляксандр Дземідзенка: Шмат хто нават кажа, што мы зрабілі кавер на “Песняроў”.

Уладзімір Казлоў: А хочацца глыбей капнуць. І, з іншага боку, не хочацца звязваць сябе з прыстаўкай “фолк”. Ні ў якім разе мы ў гэтай стылістыцы не апынёмся. Будзем шукаць, будзем рухацца. Працягваць падарожжа.

Еўрарадыё: Значыць, больш падабаюцца рок-балады на дзесяць хвілін?

Уладзімір Казлоў: Не, працягваць развіццё ў рэчышчы рок-балад ― таксама не варыянт. Мы паважаем лаканічнасць. А вось гэтыя нашы кампазіцыі [з альбома “Рэкі прабілі лёд”. ― Еўрарадыё] я зацягнутымі не лічу. Гэта падарожжа. Праехалі праз гушчар, выехалі на прастор…

Еўрарадыё: Не шкадуеш, што Re1ikt цалкам перайшоў на беларускую мову? Я ведаю, што ты беларускую вельмі паважаеш, але пісаць на рускай, відаць, было б прасцей?

Уладзімір Казлоў: Усе мы ведаем, дзе жывем. Амаль усе навокал, за выняткам нешматлікіх людзей, размаўляюць па-руску. І мне прасцей думаць і рабіць сумленна, размаўляючы па-руску. Але, ведаеш, беларуская мова ― гэта глыбей, напрыклад, за тое, што сфарміравалася ў Савецкім Саюзе. Гэта мова вёскі Шацілкі Светлагорскага раёна.

Аляксандр Дземідзенка: Таемная зброя дзядоў!

Уладзімір Казлоў: Хачу, каб была беларуская мова ў гурце Re1ikt. Дарэчы, гэта не цяжка, гэта цікава. Як развіваць у сабе новыя якасці.

Аляксандр Дземідзенка: Рускую мову ёсць каму развіваць. А беларускую… Ну хто, калі не мы? Мы ўжо ў тым узросце, калі тое, што адбываецца навокал, залежыць таксама і ад нас. Нашая генерацыя, мы уплываем на тое, што адбываецца, і адказваем за гэта. Гэта ўсё ўжо і на нашым сумленні таксама.

21 жніўня ў “Графіці” хлопцы не будуць запрашаць госцей і абяцаюць са сваімі песнямі “не муціць”. Бо не без падставаў лічаць, што публіка за восем месяцаў засумавала па “звычайным” Re1ikt’е. Да таго ж, альбом “Рэкі прабілі лёд” быў сыграны жыўцом толькі аднойчы. Ну, чым не нагода проста пабыць у гэты вечар сабой?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі