Салідарнасць па-беларуску: спачатку падпісаліся, потым адмовіліся
Кантракт з будаўніком Паўлоўскім не працягнуць, і сыдзе ён адзін.
"Я напісаў, што працаваць буду, але хадайнічаю, каб з Паўлоўскім працягнулі кантракт", — гаворыць адзін з ужо былых падпісантаў Ігар Палякоў.
Кіраўніцтва прадпрыемства "Прамжылбуд" гэта цалкам задаволіла: і рабочыя нібыта сумленна паступілі, ад падтрымкі Паўлоўскага не адмовіліся. Толькі звольняць яго ўсё роўна.
На прадпрыемстве "Прамжылбуд" Еўрарадыё спачатку шакавалі: аказваецца, заяву падпісалі ўжо звольненыя за прагулы і п'янкі супрацоўнікі! Паводле словаў адміністрацыі, Паўлоўскі ўвёў калегаў у зман.
"Калі ім зачыталі, што яны падпісалі, яны былі шакаваныя і сказалі, што адмаўляюцца ад подпісаў. Некаторыя тлумачаць, што падпісаліся з салідарнасці. Але калі даведаліся, што напісаў Паўлоўскі пад іх подпісамі — то бок яны фактычна падпісалі пусты аркуш", — распавядаюць Еўрарадыё ў прафсаюзе арганізацыі.
Ігар Палякоў сёння гаворыць, што калі падпісвалі, сапраўды не тое мелі на ўвазе, звальняцца ніхто не хацеў.
"Мы ўсе ведалі, што падпісвалі. Адзінае што — мы трохі недарэдагавалі гэтую заяву і не туды накіравалі першапачаткова. Трэба было кіраўніцтву накіраваць, а не біць ва ўсе званы. Заява была складзеная ў знак таго, каб з Паўлоўскім падоўжылі кантракт. Менавіта вось гэтае патрабаванне высоўвалася. А не тое, што мы ляжам пад танкі, толькі пакіньце Паўлоўскага".
Еўрарадыё атрымала фотакопію хадайніцтва, дзе напісана:
"У знак салідарнасці просім скасаваць кантракт з намі — тымі, якія ніжэй падпісаліся, а таксама выключыць нас з прафсаюза і перастаць утрымліваць прафсаюзны ўнёсак".
Почыркі падпісантаў адрозніваюцца.
Паводле чутак, апошнім трымаўся сваёй пазіцыі толькі брыгадзір Спірыдонаў. Але ў адміністрацыі кажуць, што і той не збіраўся звальняцца — маўляў, у яго двое дзяцей і прафсаюз заўсёды дапамагае.
На прадпрыемстве сцвярджаюць, што ціску на рабочых не было.
"Я б не сказаў, што прэсінг быў шалёны, але размовы былі", — няўпэўнена пацвярджае гэта Ігар Палякоў.
Як даведалася Еўрарадыё, кантракт з Паўлоўскім працягваць не будуць, “бо яму было паведамлена пра гэта за месяц, як і павінна быць паводле закону”.