Спажывецкі крэдыт: Даюць 10 мільёнаў, бяруць 1,2 мільёна дадатковых збораў
“Гэта як дадатковы даход банка, за абслугоўванне крэдыта”.
“Хтосьці з банкаў камісійныя сборы ўключае ў працэнтныя стаўкі. Але гэта маркетынгавыя хады, на якіх ловяць кліентаў. Напрыклад, чалавек бачыць нізкі працэнт па крэдыце і рашаецца на пакупку. Ёсць адзін банк, які па экспрэс-крэдыце цалкам паказвае працэнтную стаўку. Ён самы выгадны, але па продажах, самы няўдалы. Вось такі маркетынг”, - кажа эксперт партала infoBank.by Кацярына Смірнова.
І неўзабаве плату за абслугоўванне крэдыта адмяняюць… у Беларусбанку. Мінус 30 тысяч кожны месяц. Калі крэдыт на 5 гадоў, можна зэканоміць амаль 2 мільёны.
“Я ўзяла спажывецкі крэдыт у “Прыёрбанку”. Мне выдалі раздрукоўку, у якой усё было проста і “прыгожа” — па 500 тысяч штомесяц, роўнымі долямі. А потым раптам за абслугоўванне крэдыта сталі браць на 80 тысяч рублёў больш у месяц”, - скардзіцца жанчына падчас прамой лініі з кіраўніцай Нацбанка Надзеяй Ермаковай.
Але навошта гэтыя зборы? – пытаецца Еўрарадыё ў банках.
“Гэта як дадатковы даход банка, за абслугоўванне крэдыта. Усе банкі гэта практыкуюць. Цяпер наша кіраўніцтва прыняла рашэнне гэты збор скасаваць”, - адразу прызнаюць ў Беларусбанку.
Акрамя працэнтаў па крэдыце застаюцца яшчэ выплаты за паручальніцтва. Па 45 тысяч за кожнага чалавека. А калі за вас ручаюцца трое, то гэта ўжо 135 тысяч!
Аграпрамбанк грошы бярэ не за абслугоўванне крэдыта, а за “сервіснае абслугоўванне крэдытнай карткі” – 69 тысяч адзін раз. І яшчэ 49 тысяч штомесяц за “сервіснае абслугоўванне крэдытнай карткі пакуль дзейнічае крэдытная лінія”. Здаецца, бяруць за адно і тое ж...
Таму, калі крэдыт на 10 мільёнаў выплачваецца 5 гадоў, а картка па правілах дзейнічае 2 гады, выходзіць – 1,2 мільёна дадатковых збораў! І гэта не ўлічваючы стаўку ў 40% гадавых за спажывецкі крэдыт.
Калі крэдыт не на картку, а на рукі – выходзіць выгадней. 5 тысяч за адкрыццё рахунка, 15 – за “налік грашовых сродкаў на рахунак”, 30 – за разгляд дакументаў і яшчэ 50 тысяч за паручыцеля. У выніку – 100 тысяч збораў за крэдыт у 15 мільёнаў.
Цяпер Нацбанк рэкамендуе адмяніць камісійныя зборы. Але… існуюць варыянты.
“Банкі знойдуць, за што браць. І кошт крэдыта, усё адно абумоўлены рынкам. Не стануць банкіры безсярэбранікамі. Напрыклад, тое ж экспрэс-крэдытаванне, яно рызыкоўнае”, - тлумачыць эксперт партала infoBank.by Кацярына Смірнова.
Камісійны збор па крэдытах – маркетынгавая фішачка, бо праз яе можна зменшыць працэнт па крэдыце.
Цікава, што прыдумаюць банкіры, пасля адмены камісійных збораў, каб “банк меў дадатковы даход”.
Еўрарадыё спытала ў мінакоў, што рабіць, калі не можаш выплаціць крэдыт? Парады ў апытанцы:
Фота: chrisveto.com