Сядзіба Чачотаў з разбуранымі пакоямі даражэй за замак у Венгрыі
А на тэрыторыі сядзібы Рэйтанаў жывуць цяляты.
Міністэрства культуры шукае інвестараў пад “аграэкатурызм”. Дакладней — прадае сядзібы і палацы. У спісе, змешчаным на сайце Мінкульта, Еўрарадыё знаходзіць 46 такіх прапаноў.
“Яна цяпер на ацэнцы ў Міністэрстве культуры. Кошт будзе прыкладна 1,3 мільярда рублёў”, — расказваюць мне ў аддзеле культуры Ваўкавыскага райвыканкама пра былую сядзібу Чачотаў у вёсцы Падароск.
Сядзіба Чачотаў у вёсцы Падароск
Раней яна належыла сельскагаспадарчаму прадпрыемству “Падароск”.
“Знешне сядзіба нармальна выглядае. Унутры пагром, там, здаецца, перапланіроўка была. Стан — ніякі. Былі падсобныя памяшканні, частка з іх разбураная. Там возера поруч. Але вельмі дорага”, — расказваюць на прадпрыемстве.
Як даведалася Еўрарадыё, кошт сядзібы — 123 тысячы еўра. Гэта пры тым, што займацца можна толькі агратурызмам. На сайце інтэрнэт-нерухомасці знаходзім венгерскі замак у стылі барока.
Каштуе 110 тысяч еўра. Абавязковае патрабаванне — рэстаўрацыя. У замку 14 пакояў, вада, электрычнасць, вінны пограб і паркоўка.
Замак у Венгрыі
І на 13 тысяч еўра танней за спадчыну Чачотаў!
На тэрыторыі сядзібы Рэйтанаў цяпер… жывуць цяляты. Чыноўнікі шукаюць інвестара.
“Там у сядзібе Рэйтанаў ёсць канюшні. Адна развальваецца, а другая ў добрым стане. Там трымаюць цялятаў. А ў самой сядзібе нічога няма. Сцены толькі”, — апісваюць Еўрарадыё сядзібу прускіх дваранаў у вёсцы Грушаўка ў аддзеле культуры Ляхавіцкага райвыканкама.
Канюшні на тэрыторыі сядзібы Рэйтанаў
У вёсцы Паланечка аддаюць палац Радзівілаў, — паведамляе Баранавіцкі райвыканкам. Тут была школа, а цяпер будынак у аварыйным стане. І ўжо ёсць пакупнік.
“Вокны і дзверы забітыя дошкамі, каб дзеці не лазілі. Там шмат гадоў была школа. Пасля яе прызналі аварыйнай. Дах перакрылі — паклалі нержавейку. Сцены і будынак стаяць”, — гэтак апісваюць былы палац Радзівілаў у Баранавіцкім райвыканкаме.
Фрагменты былой сядзібы Яленскіх у вёсцы Туча набыла італьянска-беларуская кампанія “Дольчэ Аўта”. Дакументы рыхтавалі паўгода.
“Паводле рашэння райвыканкама яны мусяць арганізаваць турыстычны аб’ект, даць два працоўныя месцы. Праз некалькі гадоў увесці аб’ект у эксплуатацыю”, — расказваюць у Клецкім райвыканкаме.
“Гэта такі стык мецэнацтва і капіталізма. Акрамя сядзібы, мы ўзялі яшчэ спіртзавод, канюшню, возера і кавалак лесу. Наша ідэя — запусціць канюшню, усталяваць ландшафтны парк, зрабіць рыбалку, філіял музея і цэнтр з нумарамі кшталту хостэла”, — старшыня савету дырэктараў “Дольчэ Аўта” Віталь Шаблоўскі дзеліцца са мной планамі.
На ліку кампаніі ўжо 5 падобных аб’ектаў. Збіраюцца набыць яшчэ два. Маўляў, у Беларусі недаацэньваюць перспектывы турызму.
Фота: tranio.ru, govorim.by, realbrest.by, globus.tut.by