Ці будуць на матчы БАТЭ — “Барселона” лужыны?

110909 Zybliuk Dinamo.mp3

Тыдзень таму ў матчы супраць Босніі і Герцагавіны гульцам зборнай Беларусі давялося змагацца не толькі з сапернікам, але і з… лужынамі на полі.

Карэспандэнт Еўрарадыё звярнуўся да агранома сталічнай арэны Віктара Золіна, які заўсёды з ахвотай распавядаў пра падрыхтоўку газона. Але на гэты раз Золін сказаў, што ён… не працуе на “Дынама”.

У той самы час дырэктар стадыёна Уладзімір Вільчынскі кажа, што Золін па-ранейшаму ў штаце стадыёна. А праблемы з полем на “Дынама” Вільчынскі тлумачыць проста.

Вільчынскі: “Поле патрабуе капітальнага рамонту, якога пакуль няма. Толькі лянівы не гаворыць пра поле! Ну да, поле патрабуе рамонту, як і ўвесь стадыён. Што тут зробіш. Дрэнаж стары, ён не спраўляецца з такой колькасцю вады, таму і лужыны былі”.

Раней Вільчынскі казаў Еўрарадыё, што стадыён “маральна і фізічна састарэў” і трэба перарабляць усё, нават табло.

Аграном барысаўскага стадыёна Анатоль Шадзін тлумачыць, чаго не хапае “дынамаўскаму” газону.

Шадзін: “Поле трэба вертыкальна праколваць і праводзіць пескаванне. Калі захочуць, могуць падрыхтаваць стадыён. У іх недастатковая глыбіня праколвання. Калі гэта будзе сантыметраў 25-30 перад дажджом, то вада будзе сыходзіць. Дакладна яе не будзе столькі, колькі было”.


На барысаўскім стадыёне ўвогуле няма дрэнажу, толькі натуральны. Але Шадзін спадзяецца, што новы стадыён БАТЭ будзе адпавядаць усім еўрапейскім нормам і мець добры падагрэў, дрэнаж.

У выпадку, калі “Дынама” звернецца па дапамогу, барысаўскі аграном абяцае адгукнуцца. На думку Шадзіна, палям у Беларусі не надаюць столькі увагі, колькі яны патрабуюць.

Шадзін: “Удзяляюць увагу брылям, трыбунам, асвятленню, а поле ў апошнюю чаргу. У Беларусі мала людзей, якія цалкам разумеюць, што такое поле, як яго даглядаць і будаваць. З Анатолем Анатольевічам ( Капскім, старшынём праўлення БАТЭ — Еўрарадыё) нам пашанцавала — ён разумее, што такое поле, дагляд за ім і ўсё іншае”.


Шадзін лічыць, што зрабіць поле “Дынама” прывабным для гульцоў “Барселоны” цалкам рэальна. Да таго ж і самі барысаўскія футбалісты даўно прызвычаіліся да якасных газонаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі