У Еўрапарламенце збіраюць подпісы супраць хакейнага чэмпіяната ў Мінску
Еўрадэпутат Марэк Мігальскі лічыць правядзенне сусветнага першынства ў Беларусі здзекам з тых, хто змагаецца за дэмакратызацыю краіны.
1 сакавіка ў польскім горадзе Катавіцы адбываецца прэс-канферэнцыя еўрадэпутата Марэка Мігальскага. На ёй прэзентуецца акцыя “Пакінем дыктатара на лёдзе”, якая ставіць сваёй мэтай адмену чэмпіяната свету па хакеі 2014 года ў Мінску.
“Зараз распачынаем у Польшчы кампанію па падтрымцы адмены чэмпіяната свету па хакеі. І доктар Марэк Мігальскі рассылае лісты да лідараў грамадскай думкі Польшчы, каб праінфармаваць іх аб праблеме і аб тым, чаму мы мусім змяніць месца правядзення”, — распавядае Еўрарадыё дырэктар офіса Марэка Мігальскага Адам Скаўрон.
Паводле яго слоў, чым больш людзей падчас кампаніі даведаецца пра праблемы грамадзянскай супольнасці Беларусі, тым лепш.
Марэк Мігальскі лічыць, што чэмпіянат свету па хакеі не можа адбывацца ў краіне, дзе апазіцыя не мае правоў, а супраць апанентаў рэжыма выкарыстоўваюцца катаванні. На яго думку, правядзенне сусветнага першынства ў Мінску будзе здзекам з тых, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі.
Марэк Мігальскі: “Такая падзея легітымізавала б рэжым Лукашэнкі і дала б яму магчымасць паказаць сябе ўсяму свету нармальным кіраўніком нармальнай краіны. Але мы ведаем, што Лукашэнка з’яўляецца дыктатарам недэмакратычнай краіны”.
Зараз Марэк Мігальскі збірае подпісы ў Еўрапарламенце пад петыцыяй да кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) і нацыянальных хакейных федэрацыяў. Яна будзе заклікаць да адмены чэмпіяната свету па хакеі ў Мінску.
Марэк Мігальскі: “Тое, што чэмпіянат будзе перанесены, — магчыма. Хаця, канешне, гэта цяжка. Той самы орган, які прызначыў правядзенне чэмпіяната ў Беларусі, можа яго і адабраць. Я спадзяюся, што кіраўнікі Міжнароднай федэрацыі хакея зразумеюць, што арганізацыя спартовай падзеі там, дзе выкарыстоўваюцца катаванні супраць палітзняволеных, не мае сэнсу”.
Еўрадэпутат хоча, каб да акцыі далучаліся не толькі простыя грамадзяне і палітыкі, але таксама і лідары грамадскай думкі Польшчы і вядомыя асобы. І выказвае спадзяванні, што рана ці позна ў Беларусі усё ж усталюецца дэмакратыя.
Марэк Мігальскі: “Спадзяемся, што Польшча разам з Еўрасаюзам рана ці позна прымусіць рэжым Лукашэнкі усталяваць дэмакратыю і свабоду ў Беларусі”.
Нагадаем, пытанне аб правядзенні чэмпіяната свету па хакеі ў Мінску можа быць абмеркаванае ў траўні падчас кангрэса Міжнароднай федэрацыі хакея. У самой IIHF магчымасць пераносу чэмпіяната свету ніяк не каментуюць.
Фота: naszemiasto.pl