У Мінску пройдуць шэсце і мітынг на Дзень Волі
Сёння, 25 сакавіка адзначаюцца 94-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Сталічныя ўлады далі апазіцыі дазвол на правядзенне святочнай акцыі. Збор яе ўдзельнікаў пачнецца а 13.30 каля будынку прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. Затым адбудзецца шэсце па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор і мітынг — ён павінен прайсці ў парку Дружбы Народаў з 14.30 да 17.00.
Як паведамілі БелаПАН арганізатары акцыі, з кіраўніцтвам мінскай міліцыі дасягнутая дамоўленасць пра тое, што не будзе ніякіх перашкодаў у выкарыстанні бела-чырвона-белых сцягоў ды іншай нацыянальнай сімволікі, а таксама лозунгаў, якія адпавядаюць тэматыцы акцыі.
Між тым “Малады фронт” не пагадзіўся з афіцыйна ўзгодненым маршрутам акцыі. Прадстаўнікі гэтай арганізацыі маюць намер адсвяткаваць Дзень Волі ў цэнтры сталіцы.
У многіх рэгіёнах Беларусі вулічныя акцыі на 25 сакавіка не дазволілі.