Як насамрэч галасавала журы адборачнага тура “Еўрабачанне-2013”?
Сябра журы: “Ну, калі ўлічыць, што гэта прыгожа “знята” з Кайлі Міноўг”…
Летась Алёна Ланская “перамагла” і паводле галасавання журы, і паводле глядацкіх тэлефанаванняў. Але, калі Еўрарадыё праверыла, каго на першае месца паставіў кожны з сябраў журы паасобку, то высветлілася, што… Ланской ніхто не аддаў першае месца! Пазней стала вядома і пра “накрутку” тэлефанаванняў за яе. Як галасавала журы сёлета, высвятляе Еўрарадыё.
Шчыра прызнаюцца, што ў іх бюлетэні для галасавання Ланская на першым месцы, кампазітар Васіль Раінчык, галоўны рэжысёр “Белдзяржцырка” Сяргей Бандарчук і дацэнт кафедры мастацтва эстрады Універсітэта культуры Уладзімір Угольнік.
Васіль Раінчык тлумачыць проста:
“Я для сябе выдзеліў Сацуру і Nuteki, але паставіў Ланскую на першую пазіцыю таму, што па завершанасці нумара найлепшпая сітуацыя ў яе”.
Не менш парадаксальна тлумачыць свой выбар Сяргей Бандарчук.
Сяргей Бандарчук: “Мне вельмі спадабалася Дарыя – яна вельмі еўрапейская, фірмова спявае, добры нумар. Але такіх нумароў шмат будзе прадстаўлена на конкурсе. Таму, я думаю, для таго, каб заняць добрае месца, павінна паехаць тая, хто выйграў. Трэцяе месца я аддаў групе Яnkey”.
Прадусар Уладзімір Максімкоў, шэф-рэдактар “Альфа-радыё” Андрэй Халадзінскі і загачык кафедры духавой музыкі “кулька” Віктар Валатковіч адмаўляюцца казаць, каму аддалі якое месца. Затое, не супраць распавесці, хто ім спадабаўся…
Уладзімір Максімкоў: “Нечакана прыемным сюрпрызам для мяне стала невядомая мне група Nuteki. Яшчэ мне спадабаўся ансамбль, які я не ведаў да гэтага, – Яnkey. Нечаканасцю быў нумар Дарыі, спадабаўся Віталь Варанко”.
Як бачым, Ланской няма… Віктар Валатковіч таксама адзначае Nuteki і Дарыю. А песню Алёны Ланской называе “нармальным прафесійным варыянтам, які камусьці падабаецца, а камусьці – не”.
Сацуру, Яnkey і Beaver Band называе Андрэй Халадзінскі. Што ж тычыцца Ланской…
Андрэй Халадзінскі: “Ну, калі ўлічыць, што гэта прыгожа “знята” з Кайлі Міноўг… Нашы хлопчыкі прагаласавалі (галасаванне гледачоў – Еўрарадыё) за дзяўчынку, якая ім нагадала Кайлі Міноўг – ну, што ж тут скажаш!”.
Ухіляецца ад адказу на пытанне і рэдактар аддзела культуры “СБ- Беларусь сегодня” Вікторыя Папова. Але нейкім дзіўным чынам…
Еўрарадыё: Ці не маглі б вы сказаць, каго вы паставілі на першае, каго на другое, а каго на трэцяе месца?
Вікторыя Папова: А чаму вы мне тэлефануеце ў панядзелак, а не ў пятніцу па гэтым пытанні?
Здзівіла намеснік кіраўніка ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Марыяна Мальчык. Яна шчыра прызнаецца, што паставіла Ланскую на… другое месца!
Марыяна Мальчык: “Першае месца я аддала Яnkey, другое – Ланская”.
Як даведалася Еўрарадыё, не прымалі ўдзелу ў галасаванні Аляксандр Ціхановіч, Анатоль Ярмоленка ды паэт-песеннік Канстанцін Міхееў. Народныя артысты акурат у гэты момант паехалі на гастролі, а паэт – захварэў.
Усе суразмоўцы Еўрарадыё катэгарычна абвяргаюць саму верагоднасць таго, што з галасамі журы на БТ маглі сёлета нешта “накруціць”.
Баранаў: Ні я, ні Ланская не былі гатовыя да перамогі!
Фота: http://www.tut.by/