Ярмошына — АБСЕ: Нехта бачыць неба ў алмазах, а нехта — квадрат Малевіча
Старшыня ЦВК параіла назіральнікам АБСЕ ацэньваць беларускія выбары не толькі з пазіцыі “ведамаснай інструкцыі”.
Ніякіх агульных стандартаў, ніякага агульнага дакумента для ўсіх краін свету пры ацэнцы выбараў не існуе. А назіральнікі місіі АБСЕ кіруюцца ўласным унутраным дакументам і абсалютна не ўлічваюць нацыянальнае выбарчае заканадаўства. Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.
Лідзія Ярмошына: “Гэта тое ж самае, калі мы прыйдзем ацэньваць нейкія глабальныя чалавечыя працэсы і будзем карыстацца службовай інструкцыяй нашага ведамства. На жаль, гэта так. Больш за тое, апошняе “Кіраўніцтва па назіранні” АБСЕ ўвогуле выключае з ацэнкі такі крытэр, як адпаведнасць выбараў нацыянальнаму заканадаўству. Такім чынам, міжнародным экспертам абсалютна абыякава, адпавядае гэта нашым законам ці не — галоўнае, каб яно адпавядала іх ведамаснай інструкцыі”.
Па словах Ярмошынай, калі чалавек хоча бачыць у Сусвеце і ў выбарах нешта добрае, то ён гэта добрае заўсёды ўбачыць. Калі ж ён накіраваны на горшае, то і Сусвет, і выбары будуць перад ім толькі ў чорным колеры.
Словы старшыні беларускага ЦВК своеасабліва абверг кіраўнік дэлегацыі назірання за выбарамі АБСЕ/БДІПЧ Антоніа Мілашоскі. "У Беларусі я ўбачыў Мірскі замак, — заявіў ён. — А выбары па стандартах АБСЕ ― не…"