З сумкай без дагляду прапусцілі на "Плошчы Леніна" і "Фрунзенскай"
Мы спакойна прайшліся з дарожнай сумкай па метро. А супрацоўнік міліцыі за тое, што прапусціў тэрарыста, асуджаны на 3 гады.
На ўваходзе ў станцыю метро "Плошча Леніна" з боку вакзала стаіць міліцыянер. З дарожнай сумкай, у якой баскетбольны мяч, сок, і некалькі каробак, іду да турнікетаў. Сумку не хаваю, нясу, каб міліцыянер мог пабачыць яе. Ён не звяртае ўвагі, а ідзе міма мяне... да калегі, які дастаў тэлефон і пачаў здымаць. Калега хавае тэлефон, міліцыянер праходзіць міма.
Міліцыянера ўжо няма, ён выйшаў з метро
Далей — на станцыю "Фрунзенская". Тут выходзім наверх і зноў спускаемся ў метро праз той самы ўваход, дзе праходзіў тэрарыст з сумкай. Там стаіць супрацоўнік міліцыі. З сумкай уваходжу праз другі ад яго турнікет, як і тэрарыст на відэа.
На "Фрунзенскай" пуста, нікога, акрамя мяне, чалавека з сумкай і калегі з тэлефонам. Але ніякай увагі на нас. Тады, 11 красавіка 2011 года, міліцыянер таксама не звярнуў увагі на чалавека з сумкай, за што атрымаў 3 гады зняволення.
Такім чынам спакойна дабіраемся з сумкай ад вакзала да "Фрунзенскай" і вяртаемся да "Купалаўскай". Акурат па меркаваным шляху тэрарыста — і ніводнага дагляду. Таму вырашаем ускладніць задачу — на "Кастрычніцкую" ідзем праз верх. Выходзім з метро на вуліцу і зноў спускаемся на станцыю праз цэнтральны ўваход.
Толькі тут міліцыянер на нашым шляху праяўляе пільнасць. Іду да турнікетаў хуткім крокам у вялікім натоўпе. Міліцыянер заўважае ў плыні людзей вялікую сумку і — бягом да мяне. Даганяе амаль ля турнікета. Спыняе, праводзіць знізу сумкі металашукальнікам, той не рэагуе — можна ісці далей.
У цэнтры кадра пад назвай банка, міліцыянер правярае сумку металашукальнікам, больш у наступным відэа.
"У вас знешні выгляд даверлівы, таму не спынялі", — кажуць у метрапалітэне на пытанне "Чаму так?" Застаецца спадзявацца, што супрацоўнікі міліцыі навучыліся вылічваць падазроных людзей па знешнім выглядзе ці з'явіліся нейкія новыя сістэмы кантролю.
Але часам на станцыях увогуле няма супрацоўнікаў міліцыі. Напрыклад, 8 чэрвеня а 9:35 на ўваходзе на станцыю "Фрунзенская" — нікога.
Уваход на станцыю метро "Плошча Якуба Коласа" 13 чэрвеня 21:05 — міліцыянтаў няма.
На наступны дзень 14 чэрвеня а 14:26 на "Плошчы Леніна" — нікога. Пры жаданні служба бяспекі метро можа прагледзіць відэа. Таму Еўрарадыё і вырашыла прайсціся па падземцы з вялікай сумкай. Самі бачыце, што атрымалася.