За Алеся Бяляцкага паручыліся Уладзімір і Вольга Някляевы
Акцыі салідарнасці і падтрымкі Алеся Бяляцкага толькі разгортваюцца, - кажа яго паплечнік Уладзімір Лабковіч.
За дзень за арыштаванага кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага паручаецца каля 100 асобаў. Сярод вядомых людзей за Бяляцкага паручаюцца і праваабаронцы, і палітыкі.
Уладзімір Лабковіч: “Гэтыя паручальніцтвы актыўна збіраюцца і ў рэгіёнах і нашы партнёры з іншых праваабарончых арганізацый таксама дапамагаюць збіраць гэтыя паручальнцтвы. Ужо падпісаліся і Ўладзімер Някляеў з жонкай, падпісаліся вядомыя праваабаронцы – Алег Гулак, Гары Паганяйла, Алена Танкачова. Падпісаліся Жанна Літвіна, лідар руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, кіраўніца аб’яднання дапамогі палітвязням “Салідарнасць” Іна Кулей”.
Лабковіч адзначыў, што ў хуткім часе за Бяляцкага паручацца і прадстаўнікі беларускай літаратуры, усе калегі Алеся Бяляцкага па Саюзе пісьменнікаў. Праваабаронца адзначыў, што справа Бяляцкага цалкам палітычная і цяжка меркаваць, ці дапамогуць сабраныя паручальніцтвы ў вызваленні вядомага праваабаронцы, але менавіта салідарнасць у Беларусі і за межамі краіны можа паўплываць на гэтую сітуацыю.