Забароненых сайтаў ужо каля 60!
Але нягледзячы на штрафы за доступ да “Хартыі”, “Партызана” і Ліпковіча, гэтыя сайты яшчэ працуюць у дзяржаўных установах.
Па дадзеных на 5 студзеня 2012 года ў спісе абмежаванага доступу ўжо каля 60 сайтаў. Сярод іх "Хартыя97", "Беларускі партызан", spring96.org, prokopovich.net i prokopovi.ch, блог Яўгена Ліпковіча ў ЖЖ. Усе гэтыя сайты ўнесеныя ў спіс рашэннем пракуратуры, а “пракаповіча” забаніла МУС. Іншыя забароненыя старонкі — гэта порна або сайты тэрарыстычнага характару, якія ў чорны спіс дадаў КДБ. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прадстаўнік аднаго з беларускіх правайдараў. Адзначым, што спіс з'яўляецца закрытым. Яго могуць убачыць або правайдары, або самі складальнікі. Таму афіцыйна ніхто не пацвердзіў інфармацыю пра наяўнасць тых ці іншых сайтаў у спісе.
На 6 студзеня “Хартыя”, “Партызан” і іншыя свабодна працавалі ў пункце калектыўнага карыстання на Белпошце, на тэлеканале АНТ і ў адной з магілёўскіх школ. Хаця згодна з указам №60, доступ абмяжоўваецца для усіх дзяржаўных арганізацый. І за парушэнне — штраф ад 350 тысяч да 1 мільёна (10-30 базавых).
Правайдары ў сваю чаргу не разумеюць, адкуль столькі вэрхалу вакол спіса. Фільтрацыя адбываецца толькі сярод дзяржаўных арганізацый.
Адзінае, дзе указ 60 і папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс закранаюць звычайнага карыстальніка, — гэта інтэрнэт-кавярні і рэстараны. Тут, каб выйсці ў інтэрнэт, абавязкова спатрэбіцца пашпарт. У прынцыпе, ён быў патрэбны і раней, але цяпер кавярню могуць аштрафаваць на 175-525 тысяч (5-15 базавых). Як распавялі Еўрарадыё ў сетцы рэстаранаў "Белросінтэр", наведвальнікі не заўсёды з задавальненнем даюць свой пашпарт.
"У законе ёсць неадназначныя інтэрпрэтацыі. Кожная кавярня на сваю рызыку робіць так, каб не браць пашпартныя дадзеныя за доступ праз Wi-Fi. Але мы ўзважылі ўсе рызыкі і вырашылі праводзіць ідэнтыфікацыю", — гаворыць прадстаўнік кампаніі. — Зразумела, некаторым кліентам гэта не падабаецца. Некаторыя, карыстаючыся інтэрнэтам дома, проста не ведаюць пра новы закон. Асабліва не разумеюць гэта замежнікі. Бо такога, відаць, нідзе няма акрамя нашай краіны".