Занкавец збіраецца рэфармаваць беларускі хакей
На чэмпіянаце свету па хакеі беларусы будуць гуляць больш агрэсіўна. А потым трэнеры будуць шукаць новых “зорак”.
9 красавіка перад журналістамі паўстаў новы трэнерскі штаб нацыянальнай зборнай па хакеі, які інакш як рэфарматарскім назваць цяжка. Наватарствы пачаліся адразу ж напачатку прэс-канферэнцыі. Галоўны трэнер зборнай Эдуард Занкавец, а таксама яго памочнікі Аляксандр Андрыеўскі, Уладзімір Цыплакоў і Андрэй Гусаў асабіста паціснулі рукі прысутным журналістам.
Увогуле атмасфера сустрэчы прыемна ўражвала сваёй нязмушанасцю і таварыскасцю. Такі настрой разам з упэўненасцю ў перамозе трэнеры паабяцалі перадаць і камандзе. Як адзначыў Эдуард Занкавец, задача – трапіць на чэмпіянаце свету ў васьмёрку наймацнейшых.
Дарэчы, найперш беларусы сустрэнуцца на лёдзе са славакамі, якіх сёлета ўзначаліў былы трэнер нашай каманды канадзец Глен Хэнлан. Аднак страху перад сваім калегам і колішнім непасрэдным начальнікам Эдуард Занкавец не мае. Цікава, што абодва трэнеры павіншавалі ўжо адзін аднога з прыняццем новай пасады. Адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, настаўнік беларусаў адзначыў, спаборнічаць з чалавекам, які выкарыстоўвае на лёдзе ўласныя хітрыкі, надзвычай цікава.
Эдуард Занкавец: “Каб не было страху, пастараюся не пазіраць у яго бок. А што датычна тактыкі, то цікава гуляць супраць добрага спецыяліста, які ў гульні выкарыстоўвае нейкія свае разнастайныя хітрыкі. І, вядома ж, паспрабуем выкарыстаць тое, што мы ведаем пра яго манеру працы і вядзення гульні. Безумоўна, трэба быць да гэтага гатовымі і супрацьпаставіць нейкія свае контрмеры”.
Аднак капіяваць манеру падрыхтоўкі спартоўцаў у канадца ніхто не збіраецца. Замест гэтага трэнерскі штаб збіраецца працаваць па ўласнай праграме. Стаўку на чэмпіянаце свету зробяць на ранейшы склад зборнай, найперш на прадстаўнікоў чэмпіянату Беларусі. Балазе на падрыхтоўку новых хакеістаў катастрафічна бракуе часу. Гульня стане больш агрэсіўная, аднак са строгай дысцыплінай у абароне.
Зрэшты, згадалі на сустрэчы і маладое пакаленне айчыннага хакею. Андрэй Гусаў адзначыў скрайне няўдалы выступ нашай маладзёвай зборнай у таварыскім матчы з першай камандай сусветнага рэйтынгу – зборнай ЗША. Нагадаю, 8 сакавіка беларусы саступілі амерыканцам з катастрафічным лікам 2:13. Гусаў заўважыў, што нашыя хакеісты адставалі ад сваіх супернікаў абсалютна па ўсіх параметрах. На думку трэнера, сёння ў айчынным маладзёвым хакеі адсутнічаюць яскравыя індывідуальнасці, на майстэрстве якіх можна было бы будаваць годную гульню. І менавіта развіццё дзіцяча-юнацкага хакею і пошук новых “зорак” сярод юніёраў станецца адным з галоўных прыярытэтаў для Федэрацыі хакею.
Андрэй Гусаў: “Трэба больш глабальную ўвагу надаваць развіццю дзіцяча-юнацкага хакею. Рух, мысленне, разуменне гульні, фізічны стан – ва ўсіх кампанентах гульні, якія толькі ёсць, мы саступаем. Не бачна яскравых хакеістаў, выбітных індывідуальнасцяў. То бок каманда гуляе, бачная нейкая трэнерская задумка, але ўсялякая тактычная трэнерская задумка выбудоўваецца на індывідуальным майстэрстве хакеіста. А яскравых асобаў у маладзёжным, дзіцяча-юнацкім хакеі я, на дадзены момант, пасля Касціцыных, не магу згадаць”.
Фота і відэа: Валера Руселік