Здымацца аголеным Някляеў не пагадзіўся, але іншым не забараняе
Лідар “Гавары праўду!” пракаментаваў "аголеную" фотасесію, на якую для кампаніі пагадзілася “Міс грудзі-2010”.
Нагадаем, інфармацыя пра тое, што Кацярына Нікандрава знялася ў эратычнай фотасесіі для “Гавары праўду!”, з’явілася на сайце інтэрнэт-газеты “Салідарнасць”.
Як высветліла Еўрарадыё, для Уладзіміра Някляева гэта стала навіной. Саму дзяўчыну, якая ў прэзідэнцкую кампанію 2010 года некалькі разоў брала ўдзел у пікетах у падтрымку Някляева, палітык памятае.
Уладзімір Някляеў: “Я зразумеў, пра каго гаворка — тая, што ў прэзідэнцкую кампанію некалькі разоў стаяла на пікетах. Гэта я памятаю, а вось уся далейшая інфармацыя... Я нічога наконт гэтага не магу сказаць, бо я не ведаю такога факта. Не быў я на гэтай фотасесіі... Я, праўда, палову месяца быў у шпіталі, дык можа, без мяне агаліліся”.
Па словах Уладзіміра Някляева, ён хоць і не плануе забараняць “аголеную ініцыятыву” сваіх паплечнікаў, але сам не падтрымлівае такога падыходу да прасоўвання “Гавары праўду!” ў народ.
Уладзімір Някляеў: “На сённяшні дзень я не лічу, што гэты ход можа быць паспяховым у прасоўванні нейкіх ідэй ці нават для павышэння папулярнасці нейкага чалавека ці структуры. Але нікому нельга забараніць гуляцца ў гэтыя голыя гульні”.
І прыгадаў, як яму прапаноўвалі зняцца аголеным для каляндара з беларускімі літаратарамі — “для папулярызацыі такім чынам айчыннай літаратуры”. Паэт-палітык падумаў і адмовіўся. Палічыў, што аголены Някляеў наўрад ці паспрыяе гэтай папулярызацыі. Але, лічыць ён, кожны ў такой сітуацыі абірае рашэнне ў адпаведнасці са сваімі прынцыпамі і перакананнямі.
Фота — gazetaby.com