Зянон Пазняк прэзентаваў у Варшаве 2 новыя кнігі (фота)

Сустрэчу з Зянонам Пазняком 5 кастрычніка арганізавала "Беларуская Нацыянальная Памяць" і яе кіраўнік Анатоль Міхнавец. Такія сустрэчы з кіраўніком Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ праходзяць у польскай сталіцы штогод і кожны раз на іх Пазняк прадстаўляе свае новыя кнігі. Гэтым разам прысутным прэзентавалі "Добрую фатаграфію" і "Абарону Курапатаў. Народны мемарыял".

Перад прысутнымі, якіх сабралася цэлая зала, Пазняк у гэты вечар паўстаў не толькі як палітык, але і як знаўца фотасправы. Яго кніга "Добрая фатаграфія" распавядае пра фота і фатографаў розных часоў і народаў. Кніга складаецца з 56 эсэ пра фотаздымкі ад сярэдзіны ХІХ стагоддзя да нашых дзён. "Добрая фатаграфія" — таксама кніга, дзе Зянон Пазняк дае ацэнку працам сучасных беларускіх фатографаў і журналістаў.

Кніга "Абарона Курапатаў. Народны мемарыял" напісаная Зянонам Пазняком у суаўтарстве з Валерам Буйвалам. У ёй разглядаецца перыяд, звязаны з Курапатамі  з часу адкрыцця месца масавых расстрэлаў і да пачатку ХХІ стагоддзя. Кніга  складаецца з дзвюх  частак. У  першай  —  адмысловыя  фатаграфіі,  артыкулы  і  матэрыялы  Зянона Пазняка і Валера Буйвала.  У  другой, якую можна назваць дадаткам, ранейшыя артыкулы Зянона  Пазняка,  інтэрв'ю  Сяргея Навумчыка і Аляксандра  Лукашука

Пасля заканчэння прэзентацый кніг публіка змагла задаць палітыку пытанні. Вялікая іх частка тычылася палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Пазняк адзначыў, што на гэтых выбарах беларускі народ паказаў сваё стаўленне да ўлады і не пайшоў на выбары. У 75% яўкі выбаршчыкаў у Беларусі ніхто не паверыць. Гэта азначае пачатак канца беларускага прэзідэнта, упэўнены кіраўнік КХП БНФ. Пазняк у сувязі з гэтым правёў паралелі з 1980-мі гадамі, калі савецкае тэлебачанне казала, што ў краіне ўсё добра, але яму ўжо ніхто не верыў. 

На заканчэнне сустрэчы адбылося падпісанне Пазняком кніг і фатаграфаванне палітыка з усімі жадаючымі. За аўтографамі расцягнулася вялікая чарга, якая закончылася толькі праз 40 хвілін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі