Рэпрэсаваны акадэмік Бялецкі працуе ў клініцы, блізкай да сям'і Лукашэнкі
Акадэмік Аляксандр Бялецкі на судзе
Прозвішча акадэміка Аляксандра Бялецкага з'явілася сярод дактароў клінікі "Мерсі", якой валодаюць людзі з атачэння Віктара Лукашэнкі, заўважыла "Наша Ніва".
Бялецкі — сусветна вядомы дзіцячы артапед, акадэмік, доктар навук, былы дырэктар РНПЦ траўматалогіі. У 2019-м яго па "справе артапедаў" асудзілі на 7,5 года калоніі, абвінаваціўшы ў карупцыі. У 2021-м лакар быў памілаваны Лукашэнкам, пасля чаго працаваў у звычайнай паліклініцы пры бальніцы Мінскага раёна.
На сайце клінікі "Мерсі" гаворыцца, што цяпер Бялецкаму, як аўтару многіх тэхналогій хірургічнага лячэння артапедычных паталогій, нарэшце далі магчымасць паўнавартасна вярнуцца да сваёй улюбёнай працы — хірургіі і эндапратэзавання.
Дарэчы, у той самай клініцы працуе і сын акадэміка, Андрэй Бялецкі.
Клініка "Мерсі" мае некалькі саўладальнікаў. Некаторыя з іх раней працавалі ў структурах бізнесоўцаў Аляксея Алексіна і Аляксандра Зайцава, набліжаных да сям'і Лукашэнкі. Адна з саўладальніц Людміла Няронская лятала на прайват-джэтах у кампаніі з Віктарам Лукашэнкам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.