Рэспубліканская экспертная камісія апраўдала "БелГазету" за здымак з быком
У здымку, за які "Белсаюздрук" два тыдні таму зняў з продажу нумар "БелГазеты", няма нічога крамольнага. Да такой высновы прыйшла Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці. Эксперты не знайшлі ў фота з быком, вынесеным на першую паласу выдання, нічога заганнага ў здымку няма. Дакумент за подпісам старшыні камісіі Ніны Фральцовай абнародаваў у Фэйсбуку журналіст Дзмітрый Растаеў.
Як распавядала Еўрарадыё, на фотаздымку быў паказаны мужчына-асеменатар каля быка. Сам мужчына трымаў у руках палавы орган жывёлы. Здымак ілюстраваў артыкул, прысвечаны паведамленням Рассельгаснагляду пра знойдзеныя ў беларускім малацэ лекі ад сіфілісу.
Рэспубліканская экспертная камісія прыйшла да высновы, што здымак "не змяшчае элементаў эротыкі, парнаграфіі, заафіліі, гвалту і жорсткасці. Па жанры гэта інфармацыйны фотаздымак, на якім зафіксаваная праца спецыяліста па ветэрынарыі і заатэхніцы".
Дарэчы, па словах Растаева, кіраўніцтва "Белсаюздруку" зняла нумар з продажу толькі ў Мінску і Мінскай вобласці. Рэгіёнам дазволілі вырашаць самім, ці пускаць газету ў продаж.