Robbie Williams “Swings Both Ways”
Новая пласцінка брытанскага музыкі — гарантаваны хіт продажу на Каляды.
Перад намі — дзесяты студыйны альбом Робі Уільямса, які з’яўляецца адмысловым працягам бадай самага папулярнага альбома з калекцыі спевака “Swing When You’re Winning” 2001 года. Гэтым разам лонгплэй складаецца не толькі з джазавых стандартаў. Скарыстаўшыся ўжо вядомай формулай поспеху, Робі прыпраўляе яе і новымі інгрэдыентамі ў выглядзе 6-ці аўтарскіх песень, напісаных сумесна з прадзюсарам і колішнім сонграйтарам спевака Гаем Чамберсам. А каб зрабіць кампіляцыю стоадсоткава выйгрышнай, Уільямс запрашае да супрацоўніцтва імянітых вакалістаў — Лілі Ален, Майкла Бубле, Келі Кларксан, Олі Мюрс ды Руфуса Уайнрайта.
Адкрывае пласцінку смелая аўтарская кампазіцыя “Shine My Shoes”. Тут адразу ж становіцца зразумела, што за 12 гадоў, якія прайшлі паміж рэлізамі, Робі не згубіў сваёй іскры і бясконцага хлапечага шарму, на якім, выкажу здагадку, музыка і пабудаваў сваю кар’еру. Фартэпіяна, жвавы і жывы тэкст ды магутны біг-бэнд задаюць агульны тон і настрой пласцінцы, запэўніваючы слухача ў сапраўднай любові спевака да эры свінгу.
Перад тым, як крануць асабістае і патаемнае, чым багатая наступная кампазіцыя альбома, Робі ў жартаўліва-іранічнай форме перадае зашыфраванае “прывітанне” крытыкам і яшчэ раз нагадвае, што адбываецца з тымі, хто рызыкне яго не любіць: "The way you don’t love me/ Kinda makes you look ugly".
Следам за “Shine My Shoes” гучыць кранальная “Go Gentle” — ода-парада шчаслівага бацькі сваёй маленькай дачушцы. Ва ўтульным мяккім рытме Робі закахана, пяшчотна і шчыра спявае пра тое, у што ён верыць і на якую будучыню для сваёй дачкі спадзяецца. Гэтая кранальная дэкларацыя бацькоўскай любові — бадай, адна з лепшых рэчаў, якія Уільямс напісаў за апошнія гады.
У пэўны момант працы над альбомам, кавераў на джазавыя стандарты музыку стала недастаткова і ён вырашыў зрабіць кавер на самога сябе. Пасля рытмічнага дуэта “I Wanna Be Like You”, у “эфір” нечакана ўрываецца знакаміты хіт Робі 2000-га года “Supreme”. У новым гучанні песня атрымлівае прыстаўку “Swing” у назве і задуменна-разважлівую аранжыроўку. Такое свінгавае “вялікае каханне” — значна больш спелы і сапраўдны шлягер у параўнанні з арыгіналам 2000 года.
Адзін з бліскучых нумароў альбома ды своеасаблівае сэрца пласцінкі — кампазіцыя "Soda Pop", запісаная з Майклам Бубле. Цудоўная інструментальная афарбоўка ў тандэме з вакаламі Уільямса і Бубле ствараюць сапраўднае уяўленне пра атмасферу свінг-вечарынкі 30-х. Яно і не дзіўна — што такое свінг Бубле ведае не па чутках. Дагэтуль не разумею, як без "Soda Pop" абышліся стваральнікі фільма “Великий Гэтсби”.
“Little Green Apples” — яшчэ адзін “стандарт”, які будучы шматразова пераспяваны, у выкананні Робі Уільямса нечакана атрымлівае сапраўды новае жыццё і нават гучыць, нібыта аўтарская кампазіцыя. Яшчэ адзін прыемны бонус, знойдзены ў песні — вакал Келі Кларксан.
Канчаткова замураваць геній Робі Уільямса прызваная фінальная кампазіцыя пласцінкі з іранічнай назвай “No One Likes a Fat Pop Star”. Можа падацца нечаканым, але альбом узлятае і раскрываецца менавіта на новым арыгінальным матэрыяле. А ўвогуле, “Swings Both Ways” выглядае нібыта калядны падарунак у бліскучай упакоўцы, акроплены пырскамі шампанскага. Не сумняваюся, што гэтая пласцінка стала фаварытам у перадкалядным шопінгу.