"Рукі як у спартсмена, попа — камень". Ганна Бонд пераплыла Басфор
Беларуская шоўвумэн і блогерка Ганна Бонд пераплыла праліў Басфор. Яна пераадолела 6,5 км за адну гадзіну трыццаць восем хвілін. Гэта здарылася 22 ліпеня падчас штогадовага заплыву з Азіі ў Еўропу.
Год таму Ганна брала ўдзел у Мадрыдскім паўмарафоне. 21 км яна прабегла за дзве гадзіны 50 хвілін. У размове з Еўрарадыё Ганна прызнаецца, што пераплыць праліў было прасцей, чым бегчы па Мардыдзе, хаця дактары забаранялі удзельнічаць у заплыве, бо нядаўна знайшлі ў яе астму.
"Фактура у мяне не бегавая. Пасля марафону я памірала, а ўчора яшчэ нават прагулялася па Стамбуле. Мне яшчэ астму паставілі месяц таму. Я ў бальніцу трапіла. Лекары забаранялі плыць. Але, кажуць, Басфор скараецца пачаткоўцам. У ім вада поспеху", — усміхаецца шоўвумэн.
Па словах Ганны, рыхтавацца да заплыву яна пачала паўгода таму (дагэтуль плавала толькі ў дзяцінстве з чарапашкамі). Трэніравалася ад трох да шасці разоў на тыдзень, шмат ела:
"Рукі сталі, як у спартоўца, а попа — камень".
Блогерка прызнаецца, што бліжэй да фінішу было цяжка:
"Было сустрэчнае цячэнне. Плывеш хвілін дваццаць і не рухаешся. Магла здацца, калі б яшчэ дваццаць хвілін пабоўталася. Тут таксама сілы і стратэгія патрэбныя".
Цяпер Ганна збіраецца "заняцца сабой, як дзяўчынка". Але ці атрымаецца гэта ў няўрымслівай Бонд? У “Фэйсбуку” яна ўжо пытаецца ў сяброў: "Што б такое яшчэ прыдумаць?". Парады на любы густ — ад "Еўрабачання" да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
У штогадовым заплыве праз Басфор сёлета ўзялі ўдзел 2,5 тысячы чалавек з 50-ці краін.