Румас супакоіў: акумулятарны завод у Брэсце не нясе небяспекі
Апасенні наконт будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце перабольшаныя. Пра гэта прэм'ер-міністр Сяргей Румас заявіў у адказ на запыт дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім.
Па словах кіраўніка ўрада, фірма-забудоўшчык мае ўсе неабходныя ўзгадненні праекта і яго ўзвядзенне адпавядае экалагічным патрабаванням. Сам завод, дадаў Румас, стварае новыя працоўныя месцы для жыхароў.
Разам з тым чыноўнік не не здолеў адказаць, ці было грамадскае абмеркаванне праекта. Па яго словах, згодна з заканадаўствам будаўніцтва любога завода мусіць быць вынесенае на грамадскае абмеркаванне. Таму Румас не сумняецца, што і праект акумулятарнага завода ў Брэсце выносіўся на такое абмеркаванне.
Як паведамляла Еўрарадыё, брастаўчане ўжо некалькі месяцаў пратэстуюць супраць будаўніцтва завода на ўскрайку горада. На іх думку, такая вытворчасць істотна пагоршыць экалагічную сітуацыю ў горадзе.