Сабака, якога міліцыянер застрэліў у Рэчыцы, аказаўся шалёным
Сабака, якога міліцыянер застрэліў у Рэчыцы, аказаўся шалёным. Пра гэта Еўрарадыё распавёў Станіслаў Маісееў — цяпер ужо пенсіянер, а тады — той самы ўчастковы, які месяц таму апынуўся ў цэнтры вялікага скандалу, ужыўшы табельную зброю супраць жывёлы.
Здарэнне адбылося раніцай 6 кастрычніка на вачах у навучэнцаў аграрнага каледжа. На ўчастковага Станіслава Маісеева напалі два сабакі і пачалі яго кусаць. Спачатку ён спрабаваў адбіцца ад іх сумкай, а пасля дастаў пісталет Макарава. Аднаго сабаку міліцыянер застрэліў, іншы ўцёк.
Расследаванне пацвердзіла, што ўчастковы дзейнічаў правільна. А цяпер з'явіліся і вынікі экспертызы пра тое, што сабака была шалёнай. За час, пакуль міліцыя разбіралася ў інцыдэнце, участковы паспеў сыйсці на песнію. Што праўда, ён распавёў Еўрарадыё, што рапарт аб звальненні па ўзросце падаў яшчэ ў пачатку верасня.