Участковы, які застрэліў сабаку: Я адбіваўся, а студэнты крычалі: "Кусі!"

Участковы, які застрэліў сабаку: Я адбіваўся, а студэнты крычалі: "Кусі!"

Раніцай 6 кастрычніка ў Рэчыцы здарылася жахлівая гісторыя: участковы міліцыянт на вачах у навучэнцаў аграрнага каледжа застрэліў сабаку. Фатаграфіі аўчаркі па мянушцы Альфа, што ляжыць на тратуары ў лужыне крыві, умомант разляцеліся па інтэрнэце. Здарэнне падзяліла людзей на дзве часткі. Адны (іх менш) спачуваюць участковаму. Іншыя не разумеюць: няўжо трэба было страляць?

Еўрарадыё датэлефанавалася да Станіслава Маісеева, таго самага ўчастковага, які застрэліў сабаку. "Калі я бег ад сабакі, а ён хапаў мяне за штаны, рваў мне штаны, людзі смяяліся. Студэнты крычалі: "Кусі, кусі!" Гэта такое стаўленне да супрацоўнікаў міліцыі, так? — абураецца Станіслаў Аляксандравіч. — Я адбіваўся ад сабакі, а яны, гэтыя людзі, пасля падышлі і кажуць: "Мы вас брудам абальем".

Участковы, які застрэліў сабаку: Я адбіваўся, а студэнты крычалі: "Кусі!"

Станіслаў Маісееў 25 гадоў працуе на адным і тым жа ўчастку. Па яго словах, ён адзін з двух участковых-падпалкоўнікаў у Беларусі. Сёлета вылучаўся дэлегатам ад Рэчыцы на Усебеларускі сход. Ён распавядае Еўрарадыё, што любіць сабак і катоў, а ў юнацтве нават марыў стаць ветэрынарам: "Я гэты самы аграрны каледж з чырвоным дыпломам скончыў, побач з якім усё адбылося. Толькі тады ён называўся сельскагаспадарчым, — распавядае міліцыянт. — Але стаў участковым. Рознае здаралася за гэтыя гады. Я і напад перажыў, і збівалі мяне. Але страляць з табельнай зброі сёння давялося першы раз у жыцці. Паверце, калі б быў шанец як-небудзь гэтага пазбегнуць — я б што-небудзь прыдумаў".

Сабака (насамрэч, іх было два; другі збег, яго цяпер шукаюць), які атакаваў участковага, быў бяздомны, але яго падкормлівалі жыхары інтэрната, што месціцца непадалёку. "Я гэтага сабаку ведаю месяц, і ён дакладна не мог кінуцца і ўкусіць каго-небудзь", — дзеліцца ўражаннямі ў рэчыцкай групе "ВКонтакте" Мар'яна Голубева.

"Усе стаялі ўжо з тэлефонамі і здымалі гэты жах. Мы апыталі навучэнцаў і тых, хто жыве ў інтэрнаце, і ўсе, як адзін, кажуць, што сабака быў вельмі добры", — дадае ў іншым абмеркаванні Ганна Дваркоўская.

Аднак, па словах міліцыянта, пасля здарэння да яго адразу ж пачалі падыходзіць людзі і распавядаць, як гэты ж сабака нападаў на іншых мінакоў: "Да майго з'яўлення на гэтым месцы гэтыя ж сабакі напалі на аднаго чалавека — ён падышоў і даў сведчанні. І на іншага чалавека напалі яшчэ. Так што добра, што там ішоў я, а не дзеці ці жанчыны, ці старыя".

Участковы, які застрэліў сабаку: Я адбіваўся, а студэнты крычалі: "Кусі!"
Месца, дзе застрэлілі Альфу

Участковы кажа, што баяўся, што сабака быў шалёны. Падчас нападу Маісееву здалося, што сабака пакусаў яго, але пасля ён праверыў — абышлося падранымі штанамі. Таму ўколы ад шаленства рабіць не трэба.

Паколькі міліцыянты даюць справаздачу за кожны зроблены стрэл, цяпер міліцыя праводзіць праверку па факце прымянення табельнай зброі. Калі яна скончыцца — пакуль невядома.

А Альфа яшчэ доўга ляжала на ўзбочыне. Побач з ёй хадзілі навучэнцы каледжа і іншыя мінакі. І ўсе жахаліся таму, што адбылося.

Фота: МУС, газета "Дняпровец", сацсеткі.

Участковы, які застрэліў сабаку: Я адбіваўся, а студэнты крычалі: "Кусі!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі