Сабаленка хоча прыцягнуць да адказнасці за абразу карыстальніка Instagram
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка хоча прыцягнуць да адказнасці за абразу карыстальніка Instagram. Яна аб'явіла пра свой намер звярнуцца да праваахоўнікаў. "Ты перайшоў мяжу", — напісала яна хулігану.
У Instagram Сабаленка апублікавала скрыны асабістых паведамленняў, якія яна атрымлівала ад карыстальніка danya_konyukhov15. Ён раіў ёй сыходзіць з тэнісу, называў "ганьбай Беларусі". Апошняй кропляй была згадка пра нядаўна памерлага яе бацьку, а таксама пра маці.
Як інфармавала Еўрарадыё, у сераду Арына Сабаленка развіталася з адкрытым чэмпіянатам Аўстраліі ўжо на яго старце. Для яе гэта балючая няўдача. А тут яна пачала атрымліваць абразы.
Акаўнт у Instagram, з якога прыходзілі паведамленні тэнісістцы, належыць 17-гадоваму масквічу Даніілу Конюхаву. Ён займаецца хакеем.
Як інфармуе by.tribuna.com, хэйтэры і раней "даставалі" Арыну Сабаленку, але яна ўспрымала гэта з гумарам. "Узнікае жаданне высмеяць тых, хто іх піша", — казала яна. Цяпер жа ўсё інакш. Тэнісістка хоча, каб масквіч, які напісаў абразы пра яе сям'ю, быў пакараны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.