Сацсеткі: падчас збораў захварэлі сотні “партызанаў”. Мінабароны абвяргае
У сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя пра шматлікія выпадкі захворванняў сярод “партызанаў” падчас апошніх вайсковых збораў. Колькасць тых, каго з прастудай адправілі “з лесу” ў шпіталь, нібыта дасягае некалькіх сотняў чалавек.
Па інфармацыі дасведчанай крыніцы Еўрарадыё, падчас неспадзяваных веснавых збораў сапраўды захварэла даволі шмат людзей. Але ў Мінабароны не раяць верыць у названыя лічбы.
“Гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасці ― такая інфармацыя наконт нібыта двухсот чалавек. Узровень захворванняў не быў большым, чым у іншыя перыяды праходжання службы. Хаця захворванні, безумоўна, могуць быць. Але тут лічбы, якія абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці, гэта я магу вам дакладна сказаць”, ― заявіў Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Мінабароны Уладзімір Макараў.
Па словах прадстаўніка Мінабароны, усім, хто трапіў у шпіталь, будзе аплачаны бальнічны ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Каля дзвюх тысяч рэзервістаў у сувязі з прызначанай праверкай Узброеных сіл Беларусі прызвалі на зборы 15 сакавіка. Першапачаткова сцвярджалася, што завершацца яны 9 красавіка. Але за некалькі дзён да іх завяршэння Мінабароны абвясціла, што яны працягнутыя да 13 красавіка.