Сацыяльны марш прайшоў з бойкай, але без арыштаў (відэа+фота)



Міліцыянты не перашкодзілі апазіцыянерам правесці чарговую акцыю, аднак без эксцэсаў не абышлося. Унутры калоны адбылася масавая бойка паміж неафашыстамі і анархістамі, якія таксама ўдзельнічалі ў Сацыяльным маршы. Арганізатары назвалі гэтае здарэнне чарговай правакацыяй спецслужбаў. У сваю чаргу, маладыя радыкалы ўсё ж сабраліся на Кастрычніцкай плошчы і прайшліся па праспекце да Дома ўраду. Прапануем падрабязны онлайн-рэратаж з Сацыяльнага маршу з каментарыямі арганізатараў.


15.10
У парку Дружбы народаў завяршыўся Сацыяльна марш.

З намі на сувязі старшыня аргкамітэту Валерый Ухналёў і мы спрабуем падвесці вынікі акцыі.

— На маю думку, мэта сённяшняй акцыі дасягнутая. У тым ліку адна з галоўных мэтаў: у нашых шэрагах былі новыя людзі, якія пераступілі парог страху і прыйшлі на наша мерапрыемства і выказаліся, прайшлі. Не спалохаліся правакацый і затрыманняў.

— Але людзі выйшлі яшчэ з адной мэтай: дамагчыся, каб улада пачала прыслухоўвацца, уступіла ў дыялог. Як вы лічыце, гэта мэта была дасягнутая?

— І Сацыяльны, і Еўрапейскі марш паказалі, што ўлада пачала інакш глядзець на апазіцыю. Мы яе прымусілі рабіць гэта, шукаць новыя падыходы да пагадненняў з дэмакратычнымі сіламі, што ёсць у Беларусі.

Я б не перабольшваў, кажучы, што мы, дзякуючы акцыям, наблізіліся да дыялогу з уладамі. Але я лічу: тое, што акцыю дазваляюць і тое, што абышлося без гэтых дубінак і без вялікай колькасці спецназу, азначае, што ўлада зразумела: адназначным супрацьстаяннем з аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі і грамадствам, якое яны прадстаўляюць, ні да чаго добрага не дойдзеш.

— А можа, гэта сведчыць, што ўлада пачала ігнараваць апазіцыю? А гэта яшчэ горш, чым калі б пачалі разганяць мітынгі?

— Я не думаю, што ўлады ігнаруюць апазіцыю. Гэта ўжо нельга. Я думаю, тое, што нам не заміналі, тое, што мы здолелі дамагчыся дазволу на Сацыяльны марш за 11 дзён да пачатку, а не за 5, як гэта заўсёды было, як у цяперашнім заканадаўстве запісана, азначае, што ўладам няма куды падзецца. І сёння ўлада стаіць перад пошукам вырашэння эканамічных праблем. Калі ўлада шукае выхаду да Еўропы, да Еўрасаюза, яна разумее, што калі ўсё забараняць і адкідваць, ніякага дыялогу не даб’ешся.

— Што будзеце рабіць далей?

— Далей у нас ёсць запланаваныя акцыі, ідзе збор подпісаў у акругах, каб дэпутаты правялі справаздачу перад выбаршчыкамі. Мы будзем рыхтаваць і праводзіць сацыяльныя маршы ў малых гарадах. Мы будзем працаваць.


14.55
На плошчы Незалежнасці закончыўся "альтэрнатыўны" Сацыяльны марш. Моладзь звярнула сцягі і разыходзіцца. Затрыманняў пакуль не было.

14.49
Каля 50 маладзёнаў дайшлі да плошчы Незалежнасці. Яны стаяць каля помніка Леніну з расцяжкай "Нет отмене льгот!"



14.42
У парку Дружбы народаў працягваецца мітынг.

14.35
Моладзь з Кастрычніцкай плошчы рушыць убок плошчы Незалежнасці. Яна падыходзіць да цэнтральнай кнігарні. Людзі ў цывільным спрабавалі выцягнуць з калоны аднаго з удзельнікаў, але яго адбілі.



14.29
Акцыя на Кастрычніцкай скончылася. Частка людзей схавала сцягі і разыходзіцца. Яшчэ каля 60 чалавек рухаюцца ў бок ГУМа. Івашкевіч з'ехаў.

14.25
Мілінкевіча адпусцілі. Цяпер ён знаходзіцца ў асяроддзі дэмакратычных актывістаў.

— Спадар Аляксандр, вы сустракаецеся з выбарцамі ў Мастах, і чуваць, што вас ужо затрымлівалі?

— Я думаю, важней за гэта наша сустрэча з людзьмі — старэйшымі і маладзейшымі. Людзі звычайна сядзяць на падворках, баяцца выйсці, а тут мастаўляне не збаяліся, прыйшлі. І мы гаварылі з імі пра праблемы, пра становішча ў краіне. Добра гаварылі. А міліцыянты стаялі-стаялі, слухалі-слухалі, а тады падыйшлі і кажуць: чаму вы не зрабілі заяўкі на правядзенне сходу. Я адказаў, што тут не сход, а сустрэча людзей. Яны мяне затрымалі, але хутка адпусцілі, і цяпер я ў коле актывістаў, мы абмяркоўваем нашыя планы.

— А чаму Масты?

— Бо тут файныя людзі, я люблю Масты, і даўно тут не быў.


14.18
Тым часам у парку Дружбы народаў працягваецца мітынг. Выступіў Валеры Ухналёў і Сяргей Калякін — лідэры Партыі камуністаў беларускай.

14.16
У Мастах затрыманы Аляксандр Мілінкевіч, які праводзіў сустрэчу з жыхарамі горада. Цяпер ён знаходзіцца ў пастарунку, даючы тлумачэнні. Пра гэта ён сам паведаміў Еўрарадыё.

14.14
На Кастрычнікай плошчы пабольшала людзей. З'явілася расцяжка "Свабоду Казуліну" і "Маладыя сацыял-дэмакраты".

14.01
На Кастрычніцкай плошчы сабралося каля 30 чалавек. Сярод іх і намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Ён трымае два сцягі: бел-чырвона-белы і сцяг Еўрасаюза. Яшчэ каля 5 чалавек таксама трымаюць сцягі. Вакол іх каля 25 чалавек, якія назіраюць за акцыяй. Віктар Івашкевіч збіраецца заклікаць людзей ісці на Бангалор.

Маладзёны заяўлялі, што не пойдуць з Сацыяльным маршам на Бангалор, а збяруцца на Кастрычніцкай і пройдуць на плошчу Незалежнасці. Адзін з арганізатараў Сацыяльнага маршу, Віктар Івашкевіч, прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу, каб заклікаць моладзь далучыцца да Сацыяльнага маршу.

— Спадар Віктар, што ў Вас адбываецца?

— Вось стаяць пяць чалавек у цэнтры плошчы са сцягамі. Дваццаць пяць чалавек назіраюць. Трыццаць журналістаў здымаюць. Шматаблічнае і разнастайная грамадзянская супольнасць сёння сабралася на Сацыяльны марш, частка моладзі, відаць, нацкаваная спецслужбамі, пабілася, каб стварыць карцінку для БТ.

А мы са знаёмым прадпрымальнікам прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу і ствараем карцінку сваю. У нас у руках бел-чырвона-белы, еўрапейскі і прадпрымальніцкі сцягі. (Смяецца). Ніхто нас не выціскае, мы ў самым цэнтры.

Іншая справа, што мы стаім асобна, а вакол нас 25 чалавек-назіральнікаў, якія робяць выгляд, што яны тут ні пры чым, але яны тут так хітра прычым. Маўляў, калі будуць нас забіраць, то скажам, што мы ні пры чым, а калі не будуць забіраць, мы скажам, што мы там былі.

— І што будзеце рабіць?

— Пастаім тут некалькі дзесяткаў хвілін, заклічам іх ехаць на Бангалор, і я паеду туды. І буду выступаць.

— А ці быў сэнс збірацца тут, калі ўсё адно на Бангалор?


— Я асабіста заўсёды казаў, што ствараць з Бангалора нейкае страшыдла — гэта дурата. Ну, а радыкалам, якія заяўлялі, што на Бангалор не пойдуць, бо яны суперрадыкалы, я тут на Кастрычніцкай плошчы дэманструю, што яны ніякія не радыкалы, бо яны — не прыйшлі. Тыя, хто на прэс-канферэнцыі дарылі мне шуфлікі для сабачага дзярма, на Кастрычніцкую плошчу збаяліся, не прыйшлі. А я не збаяўся. І не збаюся іх цвырканняў і пайду на Бангалор.

— А можа яны яшчэ дзесьці сабраліся?

— У піўнусе хіба...

13.44
З калоны сышлі прадстаўнікі ўльтраправай "Белай волі", збіўшы хлопца. Праз нейкі час сышлі і анархісты. Не выключана, што "разборкі" паміж імі працягнуцца ў дварах каля плошчы Бангалор. Тым часам калона ўдзельнікаў ужо ў парку Дружбы народаў.

13.40
Як паведаамляе карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Траўчук, каля рэстарана Журавінка недалёка ад Кастрычніцкай плошчы стаяць два аўтобусы са спецназам і два аўтазакі.

13.37
Араганізатар Сацыяльнага маршу Валеры Ухналёў у інтэрв'ю Еўрарадыё назваў правакацыяй спецслужбаў бойку паміж ультраправымі і анархістамі ўнутры калоны. Ён таксама адзначыў, што сумняваецца ў тым, што на Кастрычніцкай плошчы нешта адбудзецца.

Еўрарадыё звязалася з ягоным арганізатарам Валерыем Ухналёвым з Партыі камуністаў.

Як праходзіць Марш, ці спраўдзіліся вашы чаканні?

— Я бачу шмат людзей, якія раней не хадзілі на акцыі, яны падтрымліваюць нашы лозунгі пра сацыяльную палітыку. Кепскае надвор’е, вельмі холадна, аднак многія пераступілі гэтую мяжу, холаду і перашкод, якія чыніць улада, нягледзячы ні на што, выйшлі. Нягледзячы на правакацыі. Людзей шмат, людзі не маўчаць, і ўлада гэтага баіцца. Нашых актывістаў прэвентыўна забіралі ў пастарункі, паўсюль, і ў Мінску, і па краіне.

— Так і вас ужо забіралі-выпускалі сёння не раз...

— Так, і вось я зноў у калоне, і спадзяюся, што да канца мітынгу мяне не забяруць, а там пабачым.

— А як вы ацэнваеце бойку маладых праварадыкалаў і анархістаў у калоне? Правакацыя ці не?

— Правакацыя, я ў гэтым перакананы на ўсе 100! Тыя людзі, якія прыйшлі з падтрымкаю нашых сацыяльных лозунгаў, сацыяльнай палітыкі, у бойку не лезуць. Бачна, што тыя людзі, якія пабіліся, прыйшлі з зусім іншай мэтай.

— А што вы скажаце пра іншыя, альтэрнатыўныя моладзевыя акцыі, якія запланаваныя ў Мінску?

— Я не думаю, што адбудзецца нешта альтэрнатыўнае. Акцыя наша ідзе, яна для ўсіх, і тут прысутнічаюць прадстаўнікі розных партый. Партыя БНФ,сацыял-дэмакраты, мы, а калі хтосьці на Кастрычніцкай плошчы збярэцца, то там нашы арганізатары ёсць, і мы здолеем іх далучыць да мерапрыемства.


13.32
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька не пайшоў на Бангалор. Сваё рашэнне ён пракаментаваў Еўрарадыё тым, што не жадае хадіць на Бангалор па маральна-палітычных прычынах. Яго задачай было сабраць людзей каля Акадэміі навук. Між тым Лябедзька не стаў забараняць сваім аднапартыйцам ісці разам з усімі у парк Дружбы народаў.

13.27
На Кастрычніцкай плошчы пакуль спакойна. Не бачна ні апазіцыянераў, ні міліцыянтаў.

13.17
Галава калоны праходзіць каля універсама Рыга. Арганізатара маршу Валерыя Ухналёва затрымалі ў другі раз. Гэта здарылася, калі ён прыбыў на Акадэмію навук. Паводле яго слоў, давялося высветліць усе акалічнасці на месцы, таму ў пастарунак яго не павезлі. Нядаўна ён далучыўся да шэсця.

13.12
Бойка спынілася, калона працягвае рухацца па вуліцы Сурганава.




13.10
Унутры калоны пачалася бойка паміж удзельнікамі акцыі. Ультраправая "Белая воля" б'ецца з анархістамі. З'явіліся спецназаўцы, якіх дагэтуль не было нават бачна.





13.02
Тым часам у дварах каля Кастрычнікай плошчы заўважаны аўтазакі і машыны са спецназам.

13.01
Калона ўдзельнікаў Сацыяльнага маршу дасягнула вуліцы Якуба Коласа. Па розных ацэнках у маршы прымаюць удзел каля 1200-1500 чалавек. Акцыя праходзіць мірна. Удзельнікі рушаць па тратуарах, не перакрываючы дарожную частку.



12.52
Апаратуру, прызначаную для правядзення мітынга, канфіскавалі каля Акадэміі навук. Калона ўдзельнікаў рушыла ў бок плошчы Бангалор. Цяпер яна паварочвае з праспекта Незалежнасці на вуліцу Сурганава.


12.41
Валерыя Ухналёва выпусцілі з Цэнтральнага РАУС. Ён накіроўваецца на Акадэмію навук. Паводле яго слоў, шэсце пачнецца з яго прыездам. Тым часам, маладыя анархісты і арганізацыя "Белая воля" выстраіліся ў калонію і рыхтуюцца да руху. За імі стаяць прадстаўнікі Партыі БНФ і Маладой грамады. Паводле ацэнак экспертаў каля Акадэміі навук ужо каля 1 тысячы чалавек.

12.35
На плошчы Бангалор затрыманы арганізатар Сацыяльнага маршу Валеры Ухналёў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін. Паводле яго слоў, каіраванне акцыяй ён бярэ на сябе.




12.27
Паралельна з мінскай акцыяй Аляксандр Мілінкевіч праводзіць сустрэчы з жыхарамі Мастоў. Сустрэчы пройдуць на запрашэнне мясцовых жыхароў і прысвечаныя пытанням адмены сацыяльных ільгот. Ужо на пад’ездзе да горада машыну, у якой знаходзіўся Мілінкевіч спынілі спецназаўцы з аўтаматамі нібыта для праверкі дакументаў. Палітык не выключае, што ўлады любымі спосабамі паспрабуюць не дапусціць яго сустрэчы з жыхарамі горада, паведамляе прэс-служба палітыка.

12.20
Сярод прысутных заўважаны былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Ганчарык.

12.10
Да будынка Акадэміі прыйшлі арганізатары акцыі. Над прысутнымі лунаюць чырвоны, чрывона-зялёны, бел-чырвона-белы і расійскі сцяг. Свае сцягі таксама ўзнялі і прадстаўнікі розных палітычных партый, у тым ліку незарэгістраванай арганізацыі "Белая воля" і "Малады фронт"



11.58
Каля Акадэміі навук збіраюцца ўдзельнікі акцыі. На дадзены момант іх каля 300 чалавек. З'яўляюцца сцягі. У асноўным, гэта чырвоныя сцягі Савецкага Саюза. Ёсць некалькі нацыянальных бел-чырвона-белых сцягоў. Грае святочны аркестр.



Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі