Сацыёлаг: у Беларусі зніжаецца колькасць прыхільнікаў саюза з Расіяй

Сацыёлаг: у Беларусі зніжаецца колькасць прыхільнікаў саюза з Расіяй

Колькасць прыхільнікаў саюза з Расіяй у Беларусі з верасня па лістапад зменшылася на 11,6 адсоткавага пункта. Пра гэта сведчыць апытанне Беларускай аналітычнай майстэрні( БАМ), праведзенае на пачатку лістапада. У інтэрв'ю расійскаму "Коммерсанту" кіраўнік БАМ доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі распавёў іншыя падрабязнасці апытання. 

Сацыялагічнае апытанне БАМ ладзілася 5-8 лістапада праз тэлефанаванне да выпадковых рэспандэнтаў з дапамогай сістэмы Random Digital Dialling. Удзел у ім прынялі 1008 чалавек. Іх прасілі адказаць на такое пытанне: "На ваш погляд, у якім саюзе дзяржаў было б лепш жыць народу Беларусі — у Еўрапейскім саюзе ці ў саюзе з Расіяй?"

Папярэдняе апытанне БАМ рабіла ў верасні 2020-га. Тады за саюз з Расіяй адказалі 51,6% апытаных. У лістападзе іх было 40%. Такім чынам, зніжэнне склала 11,6 працэнтнага пункта. 

А вось праеўрапейская арыентацыя павялічылася: ад 26,7% у верасні да 33% у лістападзе (розніца ў 6,3 адсоткавага пункта).

Па словах Вардамацкага, змены выходзяць за рамкі статыстычнай хібнасці, якая ў гэтай выбарцы складае 3,2%. На яго думку, у беларускім грамадстве ідзе збліжэнне дзвюх пазіцый — прарасійскай і праеўрапейскай. "Адбываецца вяртанне да традыцыйнай бівектарнасці, якая назіралася ў Беларусі да моманту пашырэння ЕС у 2004 годзе. Пасля гэтага быў пад'ём прарасійскай арыентацыі, і Расія доўга была ў калідоры 60% у рамках пытання, якое было сфармуляванае ў нашым апытанні", — адзначае сацыёлаг.

Навуковец дадае, што беларускія пратэсты, якія пачаліся ў жніўні, дагэтуль не скончыліся. Прычым у іх пытанне геапалітыкі не ўзнікала. "У адказ на пытанне, чаму выйшлі людзі, называлі самыя розныя прычыны: рэакцыя ўлады на каранавірус, гвалт, фальсіфікацыі на выбарах. Прычым гвалт быў галоўнай прычынай. Але ніхто не казаў, што выйшаў таму, што хоча быць бліжэй да ЕС і далей ад Расіі або наадварот", — канстатуе Вардамацкі.

Дарэчы, практычна ўсе замежныя журналісты і палітыкі адзначалі, што на беларускіх мітынгах няма сцягоў ні Расіі, ні ЕС. 

Цяпер, на думку навукоўца, у пратэстах можа з'явіцца геапалітычны чыннік. І ў далейшым гэта можа выклікаць напружанне ў адносінах з Расіяй. 

Змены ў геапалітычных перавагах сацыёлаг тлумачыць тым, што беларускае грамадства толькі цяпер адрэфлексавала крокі Масквы ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі