Сакратар ЦВК: ЕС не выключае мяне з “чорнага спіса”, каб не было прэцэдэнту
Пакуль адзін сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі судзіцца з Еўрасаюзам, іншыя чакаюць, пакуль ЕС выключыць іх са спіса неўяздных самастойна.
Два фігуранты “чорнага спіса” — тэлезорка Сяргей Міхальчанка і сакратар ЦВК Вадзім Іпатаў — звярнуліся ў суд ЕС. Спрабуюць такім чынам пазбавіцца ад санкцый. Вадзім Іпатаў расказвае Еўрарадыё, чаму лічыць рашэнне Савета ЕС у дачыненні да сябе незаконным.
“Калі ўзяць наша выбарчае заканадаўства і яго ўважліва вывучыць, то бачна, што сябра ЦВК фальсіфікаваць прадстаўленыя ў ЦВК пратаколы ніякай магчымасці не мае. Ён толькі аналізуе вынікі выбараў, а яны адбываюцца на месцах. Падлікі вядуць участковыя камісіі”, — мяркуе сакратар ЦВК.
Іпатаў настойвае на тым, што ацэньваць дэмакратычнасць альбо недэмакратычнасць беларускіх выбараў трэба выключна паводле беларускіх законаў. Маўляў, адзіных міжнародных нормаў не існуе. Шансы перамагчы ў судзе Вадзім Іпатаў ацэньвае як высокія. Наракае толькі, што справа зацягваецца — ужо год прайшоў ад пачатку папяровай цяганіны, а дата паседжання па-ранейшаму невядомая. Прычыну бачыць у нежаданні еўрачыноўнікаў ствараць небяспечны прэцэдэнт.
“Я лічу, што суд зацягваецца выключна з палітычных матываў. На маю думку, існуюць падставы задаволіць маю позву. А ствараць такі прэцэдэнт не хочацца, таму справа зацягваецца. Бо можа ўзнікнуць пытанне адносна іншых членаў ЦВК — чаму яны там знаходзяцца? Калі ў мяне атрымаецца дамагчыся праўды — то гэта будзе вялікі крок наперад”.
Дарэчы, судзіцца з Еўрасаюзам і Міхальчанка, і Іпатаў будуць за грошы… Еўрасаюза. На гэта ім выдзелілі адпаведна 8 і 6 тысяч еўра. У Беларусі такое ўвогуле немагчыма. Адвакацкія калегіі могуць толькі цалкам альбо часткова вызваліць ад аплаты паслуг. І тое ў выключных выпадках.
Эксперт па еўрапейскай палітыцы ў дачыненні да Беларусі Андрэй Елісееў з гэтым не згодны. Гаворыць, што працэсы працягласцю 3-4 гады для высокіх еўрапейскіх судоў — з’ява нармальная. Скептычна Елісееў ставіцца і да галоўнага аргумента Іпатава аб недатычнасці ЦВК да фальсіфікацый выбараў. Усе заўвагі падрабязна адлюстраваныя ў справаздачах міжнародных назіральнікаў, і гэта з радасцю выкарыстаюць у сваіх прамовах юрысты Савета ЕС. Але шансы выйграць суд у Міхальчанкі і Іпатава ўсё ж неблагія, мяркуе эксперт. Справа ў тым, што пры складанні “чорных спісаў” быў парушаны прынцып вяршэнства права. Беларускім чыноўнікам, бізнэсоўцам і сілавікам проста не далі магчымасці апраўдаць сябе.
“Тым, каго ўключылі ў “чорны спіс”, не была прадстаўленая магчымасць заявіць свае аргументы перад гэтым. Наколькі я ведаю, вось гэты факт таксама ўлічваецца абаронай. Адбылося парушэнне прынцыпу вяршэнства права і ўліку інтарэсаў усіх бакоў”.
Так што вельмі верагодна, што спадар Іпатаў, калі захоча, у недалёкай будучыні зможа наведаць любую еўрапейскую краіну.
Як даведалася Еўрарадыё ў калегі Іпатава па ЦВК, яго зварот у суд ЕС ацэньваюць станоўча і хваляць за напорыстасць. Як аказалася, гэта не першая спроба чыноўнікаў Цэнтральнай выбарчай камісіі дамагчыся выключэння з “чорнага спіса”. Намеснік кіраўніка камісіі Мікалай Лазавік расказвае, што адразу пасля ўвядзення санкцый група супрацоўнікаў ЦВК (уключна з цяперашнім міністрам юстыцыі Алегам Сліжэўскім) звярнулася з запытам у Савет Еўропы. Хацелі даведацца, за якія злачынствы іх пазбавілі права наведваць краіны ЕС. Адказ настолькі ўразіў, што Мікалай Лазавік захаваў яго сабе “на памяць” і нават пагаджаецца зачытаць урывак:
“Грамадзянін такі-та, указваецца яго прозвішча, згаданы ў такім-та рашэнні Савета Еўропы на той падставе, што ён — сябра ЦВК… Вось і ўсё. Сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі. Незалежна ад таго, здзейсніў ён нейкія правапарушэнні, злачынствы, альбо не. Гэта як кляймо”.
Звяртацца ў суд, як Іпатаў, Мікалай Лазавік не хоча. Гаворыць, што калі яго калега выйграе працэс, то ЕС сам павінен выключыць адтуль усіх сябраў ЦВК. Маўляў, за аднолькавае ”злачынства” ўключылі, аднолькава і выключаць.