"Самакатчык" Дзяніс абскардзіў прысуд

"Самакатчык" Дзяніс абскардзіў прысуд

11 ліпеня суд Фрунзенскага раёна Мінска прысудзіў Дзянісу Тарманаву штраф памерам 63 новыя рублі за тое, што ён ехаў на самакаце па краме "Карона". Паездка, калі яе можна так назваць, адбылася ў адной з крам сеткі. Хлопца затрымалі ахоўнікі і перадалі міліцыі. У выніку Дзяніс пераначаваў у пастарунку ― паездку на самакаце па краме палічылі адміністрацыйным правапарушэннем. І, нягледзячы на адсутнасць у хоць нейкім дакуменце забароны ездзіць па крамах на самакатах, асудзілі на 63 рублі штрафа.

"Быў сёння ў судзе, падаў скаргу на штраф. Я сябе вінаватым не лічу, буду адстойваць гэта", ― расказвае Дзяніс Еўрарадыё.

Хлопец таксама выказваецца пра крок сеткі крамаў "Суседзі", якая на мінулым тыдні вывесіла ў сваіх крамах плакаты з самакатамі і абвесткай, што тут радыя усім кліентам.

"Я вітаю гэта. Праўда, гады два таму мяне ў "Суседзях" таксама затрымлівала ахова за самакат. Я тады нават не ехаў, а проста каціў яго побач з сабой. Але зараз, бачу, яны перагледзелі сваю пазіцыю", ― расказвае ён.

Аб тым, ці задаволіць суд скаргу Дзяніса, стане вядома праз некалькі дзён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі