"Савушкін" перарабіў упакоўку, але так і не дадаў на яе беларускую мову

"Савушкін" перарабіў упакоўку, але так і не дадаў на яе беларускую мову

Брэсцкае прадпрыемства "Савушкін прадкут" паказала новыя ўпакоўкі малака, тварагу, кефіру і смятаны ўласнай вытворчасці. Беларуская мова на іх так і не з'явілася, нягледзячы на патрабаванні грамадскіх актывістаў.

"Праца над зменай упакоўкі пачалася значна раней, і гэта больш доўгі працэс, чым час, які прайшоў з пачатку года. У пэўнай ступені гэтая праца была выкананая значна раней. То бок, змены ва ўпакоўку дадаюцца не так хутка", — распавядае Еўрарадыё намесніца генеральнага дырэктара кампаніі "Савушкін прадукт" па сувязях з грамадскасую Алена Бабкіна.

У студзені 2017 года ў СМІ трапіла новая рэдакцыя закона "Аб абароне правоў спажыўцоў", згодна з якой беларуская мова на этыкетках не была абавязковай. Вытворцы маюць права ўказваць інфармацыю на рускай ці беларускай мове. Каментуючы гэтую норму, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю спаслалася на інфармацыю з кампаніі "Савушкін прадукт".

 

"Прадпрыемству давядзецца ўкладваць дадатковыя матэрыяльныя сродкі для прыцягнення ліцэнзаванага перакладчыка з рускай на беларускую мову, распрацоўваць складаны дызайн этыкеткі на дзвюх мовах і спрабаваць размясціць усю прадугледжаную заканадаўствам інфармацыю на маленькай упакоўцы прадукта, паколькі вялікая частка малочнай прадукцыі, што вырабляецца ААТ "Савушкін прадукт", расфасоўваецца ў упакоўкі малой масы (ёгурты, пасты тварожныя, сыры плаўленыя і г.д.). Сабекошт маркіраванай на дзвюх мовах прадукцыі відавочна ўзрасце (выдаткі на пераклад, дызайн і вытворчасць новай упакоўкі), але гэты рост будзе абсалютна немэтазгодны, бо гэтая прадукцыя з'яўляецца скорапсавальнай і рэалізоўваецца ў кароткія тэрміны, — сказана ў дакуменце.

 

Актывісты пачалі збор сродкаў на пераклад упакоўкі. Дызайнер Vondel/Hepta Павел Карповіч напісаў, што гатовы бясплатна перакласці інфармацыю пра тавары "Савушкіна" на беларускую мову і "падправіць пару этыкетак". Але кампанія адмовілася ад грошай і дапамогі.

"Улічваючы тое, што кампанія працуе на шырокую грамадскасць, трэба разумець — асноўная маса беларусаў размаўляе, чытае і піша не на беларускай мове, а на рускай мове.

Не трэба далёка хадзіць, выйдзіце на вуліцу і паслухайце, на якой мове размаўляюць людзі. Так, на рускай. Вось і адказ на ўсе пытанні.

Таму і надпісы на ўпакоўцы — на рускай мове, каб пакупнік мог прачытаць і правільна зразумець, што за прадукт ён купляе і што ўваходзіць у яго склад", тлумачылі сваю пазіцыю ў кампаніі.

Атрымліваецца, "Савушкін прадукт" адначасова казаў пра немэтазгодны рост сабекошту сваёй прадукцыі ад перакладу ўпаковак на беларускую мову і працаваў над новым дызайнам упаковак. Але без беларускай мовы.

У лютым па беларускай мове на ўпакоўках спажывецкіх тавараў быў нанесены яшчэ адзін удар. У Беларусі пачаў дзейнічаць тэхнічны стандарт СТБ 1100-2016, які забараняе афармляць этыкеткі тавараў толькі на беларускай мове. Толькі на рускай — калі ласка. На рускай і беларускай — калі ласка. А толькі на беларускай — нельга: "Інфармацыя для спажыўца у выглядзе тэксту наносіцца на рускай ці рускай і беларускай мовах", — сказана ў пункце 4.3 тэхстандарта.

Вытворцы забілі трывогу: крамы пачалі адмаўляцца ад "беларускамоўных" тавараў. Дэпутатка Алена Анінім заявіла, што стандарт яўна дыскрымінуе беларускую мову. У выніку Дзяржстандарт растлумачыў, што этыкеткі, на якіх ёсць інфармацыя толькі на беларускай мове, можна выкарыстоўваць, але толькі ў межах Беларусі. І даў рэкамендацыю ўсё ж дадаць інафрмацыю на рускай мове. Хаця б на ўкладышах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі