Сайт onliner.by выключаны з беларускай даменнай зоны
Папулярны сайт пакаралі за парушэнні правілаў гандлю.
Дамен Оnliner.by выключаны з рэестра нацыянальнай даменнай зоны за парушэнне заканадаўства аб гандлі. Пра гэта паведамляецца на сайце Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі.
Гаворыцца, што ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу onliner.by парушыў заканадаўства аб гандлі, у тым ліку правілы, якія рэгулююць парадак рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт. Паводле інфармацыі Мінгандлю, уладальніку сайта далі час на ліквідацыю парушэнняў, але ў вызначаны тэрмін меры прынятыя не былі. Таму 20 снежня 2014 года прынята рашэнне выключыць адпаведнае даменнае імя з рэестра нацыянальнай даменнай зоны.
Нагадаем, што на папулярным сайце існавала не толькі інфармацыйная служба, але і дзейнічала пляцоўка па продажы разнастайных тавараў. Хутчэй за ўсё, нагодай для такіх мераў стала тое, што некаторыя крамы ўказвалі кошт на свае тавары ў валюце.
Еўрарадыё звярнулася па каментар да супрацоўнікаў сайта. Яны паведамілі, што сайт не працуе "па тэхнічных праблемах" і што зараз іх юрыдычная служба разбіраецца з праблемай.
Сайт Onliner.by могуць пазбавіць ліцэнзіі Міністэрства сувязі