Сем беларускіх хакеістаў дыскваліфікаваныя за дамоўны матч

Сем беларускіх хакеістаў дыскваліфікаваныя за дамоўны матч

Дысцыплінарны камітэт Федэрацыі хакея Беларусі вынес рашэнне па гучнай справе аб дамоўным матчы ў нацыянальным чэмпіянаце. 12 лістапада 2019-га "Дынама-Маладзечна" выйгравала ў "Магілёва" з лікам 5:1, але прапусціла пяць шайбаў запар і прайграла — 5:6. На відэа можна пабачыць, як гэта адбывалася. Дзіўным матчам зацікавіліся сілавікі. Папярэдняе расследаванне крымінальнай справы скончана. Калі будзе суд, яшчэ невядома, але федэрацыя ўжо адрэагавала.

Высветлілася, што забеспечыць патрэбны вынік за грошы пагадзіліся хакеісты "Дынама-Маладзечна" Аляксей Іваноў, Сяргей Шэлег і Вячаслаў Лісічкін. Апошнія двое прыцягнулі яшчэ Станіслава Кучкіна, Паўла Баярчука і Аляксандра Сырэя, які далучыў да змовы Мікіту Усціненку. Паражэнне сваёй каманды яны забяспечылі, але ўзнагароджання (ад 7 да 15 тысяч долараў на ўсіх) атрымаць не паспелі. Сваю віну згаданыя хакеісты прызналі і шкадуюць пра зробленае.

І калі справу ў дачыненні Лісічкіна, Баярчука і Кучкіна спынілі (яны дапамаглі следству), то справа Іванова, Усціненкі, Сырэя і Шэлега ўжо ў пракуратуры. Дзмітрый Абмражэйчык, Мікіта Феакцістаў і Арцём Волкаў даведаліся пра запланаваны матч у дзень гульні, удзельнічаць у змове адмовіліся, але нікому пра планы зламыснікаў не паведамілі.

Падчас следства высветлілася, што трэнер "Дынама-Маладзечна" Ігар Крывашлык асабіста і праз іншых асобаў ў 2019 годзе зрабіў больш за 20 букмекерскіх ставак на матчы з удзелам сваёй каманды.

Вынік матчу анулявалі. Клуб "Дынама-Маладзечна" аштрафаваны на 400 базавых. Дысцыплінарныя штрафы па 300 базавых (8100 рублёў) атрымалі 7 хакеістаў-удзельнікаў, а таксама трэнер Крывашлык, па 50 базавых (1350 рублёў) — трое хакеістаў, якія змаўчалі пра дамоўны матч.

Іваноў, Шэлег, Лісічкін, Кучкін, Баярчук, Сырэй, Усціненка дыскваліфікаваныя да 31 траўня 2021 года. У Крывашлыка дыскваліфікацыя бестэрміновая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі