Сем паркінгаў і забаўляльны цэнтр у двары. У Мінску чарговае ўшчыльненне
У сераду ў адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска адбудзецца прэзентацыя горадабудаўнічага праекта дэтальнага планавання квартала ў межах вуліц Якуба Коласа, Калініна, Чорнага і Сурганава. У рэдакцыю Еўрарадыё напісалі мясцовыя жыхары, якія просяць усіх неабыякавых людзей далучыцца да абмеркавання, якое ўжо пачалося.
"Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама працягвае практыку кропкавай ушчыльняльнай забудовы, — гаворыцца ў лісце. — На гэты раз у невялікім квартале, абмежаваным вуліцамі Коласа — Калініна — Чорнага — Сурганава, на месцы дваровых тэрыторый, з’явяцца пяць новых паркінгаў, большая частка з якіх адкрытыя, вышынны будынак з падземным паркінгам проста каля школы і забаўляльны цэнтр з адкрытым паркінгам на 360 машынамесцаў у двары двух жылых дамоў. Абяцаюць жыхарам і дзіцячы садок, які пабудуюць на месцы рамонтна-будаўнічага ўпраўлення, у той час як будынак праз дарогу, у якім раней знаходзіўся дзіцячы садок, ідзе пад знос.
Жыхары квартала занепакоеныя тым, што з'яўленне гэтых аб'ектаў у невялікім квартале забярэ ў іх калядамавую тэрыторыю, скароціць зялёныя насаджэнні, створыць пастаянны трафік у дварах дамоў і пагоршыць экалагічную сітуацыю. Наглядным прыкладам гэтага можа служыць 21-шы дом па Калінінградскім завулку, з якога два гады таму і пачалося ўшчыльненне квартала. Дванаццаціпавярховы дом і двухузроўневы паркінг цалкам забралі дваровую тэрыторыю аднаго з дамоў па вуліцы Калініна, пазбавіўшы жыхароў спартыўнай, дзіцячай пляцовак, зон для адпачынку і сквера з сямідзесяці дрэваў. У 2019 г. камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва вырашыў працягнуць ушчыльняць квартал, што зробіць жыццё яго жыхароў невыносным і парушыць правы грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе".
Грамадскае абмеркаванне пройдзе з 8 красавіка да 2 траўня 2019 года. Прэзентацыя праекта адбудзецца 10 красавіка ў 18:00 у актавай зале адміністрацыі Першамайскага раёна. Пісьмовыя заўвагі і прапановы з паметкай "Грамадскае абмеркаванне" можна накіроўваць па адрасе: завулак Кузьмы Чорнага, 5, кабінет №205, або на электронны адрас: ре[email protected]оv.by.