Сенсацыйныя змены ў рэйтынгу FIFA пасля Еўра-2016
У рэйтынгу FIFA пасля Еўра-2016 адбыліся сенсацыйныя змены. Каманды-адкрыцці кантынентальнага першынства Уэльс і Ісландыя падняліся на 11-е (на 15 пазіцый) і 22-е месца (на 12 пазіцый) адпаведна. На 10 пазіцый у рэйтынгу паднялася футбольная зборная Францыі, фіналіст Еўра, яна займае 7-е месца. Чэмпіён Еўропы зборная Партугаліі палепшыла сваё становішча на 2 пазіцыі, цяпер яна 6-я. Зборная Англіі страціла тры пазіцыі і цяпер толькі 13-я (знаходзіцца ніжэй за Уэльс). Каманда Нямеччыны захавала за сабой 4-е месца.
Лідары ў рэйтынгу FIFA ранейшыя — зборныя Аргентыны, Бельгіі і Калумбіі.
Зборныя-расчараванні Еўра-2016 каманды Расіі і Украіны займаюць адпаведна 38-е (расіяне апусціліся на 9 пазіцый) і 30-е (украінцы апусціліся на 11 пазіцый) месцы.
Зборная Беларусі за апошні месяц гульняў не праводзіла (апошні матч прайшоў 31 траўня, калі ў гасцях была абыграная зборная Ірландыі — 2:1). Тым не менш, яна паднялася ў рэйтынгу на 6 пазіцый — на 72-е месца, у яе 442 ачкі.