Serj Tankian "Jazz-Iz Christ"

Новы сольнік амерыканскага музыкі і фронтмэна System of a Down канчаткова пазбаўляе яго ад клішэ “гуру альт-металу”. Пласцінку складаюць 15 пераважна інструментальных трэкаў, заміксаваных на джазе і электроніцы з элементамі прагрэсіў-року.

За год з невялікім Серж Танкян выпусціў тры сольныя альбомы  — Harakiri, Orca і нарэшце прыйшоў час Jazz-Iz-Christ. І хоць з самага пачатку было зразумела, што не варта чакаць ад пласцінкі класічнага джазу, але нягледзячы на ўсе перасцярогі, альбом выклікаў шмат скаргаў і здзіўлення ад аматараў творчасці лідара S.O.A.D. Паспрабуем разглядзець сапраўдную, “існасць джаза ў Хрысце”.

Першае, за што чапляецца вуха, гэта багаты набор інструментаў, які музыка выкарыстоўвае для стварэння Jazz-Iz Christ  ̶  тут і пругкі кантрабас, і флейта, і сітар, і псіхадэлічныя клавішныя эфекты побач з традыцыйнымі духавымі ды сольнымі партыямі фартэпіяна. Серж зноў і зноў пашырае межы і ахвотна паддаецца настрою запрошаных для запісу альбома джазмэнаў, эксперыментуе са стылямі.   Праўда, галоўны інструмент, якім артыст багата аздобіў мінулыя сольныя праекты  ̶  а менавіта яго голас ̶  гэтым разам амаль не задзейнічаны. Танкян спявае ўсяго ў 4-х песнях з 15.  Можа таму, яго магутны голас здаецца нечым з вобласці спірытычных практык, што суправаджаюць хрысціянскі джаз. Яскравы прыклад  ̶  “Garuna”, песня-прысвячэнне змагарам за лепшы лёс у Арменіі.

Fish Don't Scream  ̶  цудоўны узор таго, чаго чакаць ад альбома і расстаноўка ўсіх кропак над “і”. Кампазіцыя пачынаецца нібыта “нармальная” джазавая п’еса, але нечакана пругкі кантрабас і спакойная, прыемная мелодыя  пераходзяць у “цяжкія” бубны з хэві-металічным аздабленнем. Гэткая “СОАДаўская” песня, перакладзеная для джазавага бэнду. 

Увогуле, на пласцінцы, бадай што, няма ўласцівых музЫку пазнавальных меладычных хадоў і лірычнага складальніка. Ніякіх вострасацыяльных тэм і фатальнай атмасферы   ̶   сусветныя катастрофы ўжо адбыліся, рыбы выкінуліся на бераг, а птушкі пападалі на зямлю яшчэ ў “Harakiri”.  Як так  ̶   Серж Танкян выпусціў джазавы альбом, ды яшчэ амаль цалкам інструментальны і  без сацыяльнага падтэксту? Змірыцеся, усё менавіта так і ёсць.

Miso Soup вяртае нас да “звыклага” Танкяна з класічнымі інстурментамі і магутным вакалам. Эксперыментуючы з рэфрэнам "miso soup/miso soup/we all like miso soup"  музыка стварае сапраўдны вакальны перфоманс. 

Далей  ̶  болей!  Суцэльныя эксперыменты і кантрасты. У трэку “Honeycharmed” спаборнічаюць  сітар і атанальнае піяніна. "Arpeggio Bust"  гучыць  так, нібыта каманда, што грае прагрэсіў-рок, вырашыла паджэміць з джазавымі музыкамі. А  "Waitomo Caves"  ̶  мікс, замяшаны на бадзёрых джазавых духавых, бітбоксінгу, сола флейты і, увага, пазыўных сацсетак!  Нерэальна касмічны замес!

І нарэшце ўсе гэтыя ўнікальныя змяшэнні стыляў і эксперыменты адпраўляюць  слухача да амаль лаўнжавай "Distant Things": спакойныя дотыкі флейты і піяніна  ̶  электронны лаўнж на жывых інструментах. Што, дарэчы, у музыкі атрымліваецца вельмі ўдала.

Безумоўна, было б цікава паслухаць гэты ж рэліз, але з вакалам Танкяна.  Але, як вынік, Jazz-Iz Christ   ̶  хіба што адзін з лепшых  сюрпрызаў ад Сержа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі