Шанцы БАТЭ ў матчы са “Славіяй” такія ж, як у пераможнай гульні з “Баварыяй”
Букмекерскія канторы не вераць у перамогу БАТЭ над пражскай “Славіяй”. Матч у межах 3-га раўнда кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў адбудзецца сёння ў чэшскай сталіцы, пачатак а 20-й.
Каэфіцыенты на перамогу падапечных Аляксандра Ермаковіча вагаюцца паміж 8 і 9. Шанцы на вікторыю чэшскага клуба ацэньваюць як 1 да 1,40, то бок вельмі высока. Нічыя, паводле таталізатараў, таксама малаверагодная — стаўкі на яе прымаюцца з каэфіцыентам 4,2.
Цікава, што такі ж песімістычны каэфіцыент на перамогу БАТЭ, як сёння, быў і напярэдадні матчаў барысаўскага клуба з “Лілем” і “Баварыяй” у 2012-м годзе — 8,5! Але абедзве гульні барысаўскі клуб, якім тады кіраваў Віктар Ганчарэнка, сенсацыйна выйграў з аднолькавым лікам 3:1.
Перад гульнёй з “Атлетыка” БАТЭ ўвогуле не пакідалі і кроплі надзеі — каэфіцыент дасягаў 11. Але барысаўчане выйгралі — 2:1.
Ці здарыцца сенсацыя і сёння? Матч у празе пачнецца ў 20:00. Будзе жывая трансляцыя на тэлеканале “Беларусь 5”.
Іншыя вынікі БАТЭ і версіі букмекерскіх кантор:
БАТЭ-“Рома” — 3:2 (каэфіцыент на перамогу барысаўчан — 5)
БАТЭ-“Баер” — 1:1 (4,5-5)
“Рома”-БАТЭ — 0:0 (10!)
БАТЭ-“Атлетык” — 2:1 (11-13!)
“Ліль”-БАТЭ — 1:3 (8,5)
БАТЭ-“Баварыя” — 3:1 (8,5)
БАТЭ-“Мілан” — 1:1 (6,5)