Шанталосава па-ранейшаму не пусцяць на стадыён паглядзець футбол

Як паведамілі Еўрарадыё у Міжнароднай федэрацыі футбола, апошняя кропка ў справе былога беларускага галкіпера яшчэ не пастаўленая
Былога галкіпера нацыянальнай зборнай Беларусі Валерыя Шанталосава "апраўдаў дысцыплінарны камітэт Міжнароднай федэрацыі футбола". Як паведамляе сайт “Футбол СНД”, ФІФА прызнаў дзеянні Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" “незаконнымі”. Яны, нібыта, не адпавядаюць статуту ФІФА і “парушаюць прынцыпы працэсуальнага публічнага парадку ў адпаведнасці з Кодэксам Міжнароднай федэрацыі футбола”. Адпаведна Шанталосаў атрымаў права займацца любой футбольнай дзейнасцю ў краінах, якія знаходзяцца пад эгідай ФІФА.

Нагадаем, летась Беларуская федэрацыя футбола прызнала Шанталосава “персонай нон-грата” і забараніла яму займацца футбольнай дзейнасцю па ўсім свеце.  Нагодай для гэтага стала падазрэнне ў тым, што футбаліст удзельнічаў у арганізацыі дамоўных матчаў.

Беларуская федэрацыя футбола катэгарычна не пагаджаецца з падобнай “рэабілітацыяй” Шанталосава. У сераду на сайце асацыяцыі з’явіўся каментар памочніка Генеральнага дырэктара АБФФ па юрыдычных пытаннях Сяргея Ільіча. Ён сцвярджае, што прыведзеная вышэй інфармацыя пра рашэнне ФІФА па “справе Шанталосава” “не адпавядае сапраўднасці”.

Паводле слоў Ільіча, ФІФА пакінуў у сіле рашэнне дысцыплінарных органаў БФФ аб пакаранні Валерыя Шанталосава аб’яўленнем яго “непажаданым для мэтаў дзейнасці Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”. У той жа час, сцвярджае Ільіч, “старшыня дысцыплінарнага камітэта ФІФА Марсель Мацье прыняў рашэнне не пашыраць санкцыю, накладзеную дысцыплінарнымі органамі АБФФ на Шанталосава В. Д. да сусветнага дзеяння”. Таму ў Беларусі ніякай “рэабілітацыі” для Шанталосава няма, кажа памочнік Генеральнага дырэктара АБФФ.

Начальнік прэс-службы Беларускай федэрацыі футбола Ўладзімір Несцяровіч пацвердзіў гэта Еўрарадыё і дадаў, што ж будзе, калі Шанталосаў паспрабуе прыйсці на афіцыйныя футбольныя спаборніцтвы:

“Рашэнне нашае, Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футболу", застаецца такім як было. Валерый Шанталосаў застаецца персонай нон-грата на ўсіх спаборніцтвах, якія ў нас праводзяцца. Калі ён паспрабуе прыйсці на нашыя афіцыйныя футбольныя спаборніцтвы, то яму не дадуць магчымасці там прысутнічаць”.

Галоўны рэдактар газеты “Прессбол” Уладзімір Беражкоў, які займаўся “справай Шанталосава” ад самага пачатку, лічыць, што апраўданне былога галкіпера сталася магчымым з-за рознага стаўлення айчынных і міжнародных арбітраў да адных і тых самых нюансаў.

Уладзімір Беражкоў: “Калі такое рашэнне ёсць, то яно, натуральна, незаконнае. Я думаю, што ФІФА папросту не знаёмая з нашымі нормамі заканадаўства, кіравалася нормамі еўрапейскага заканадаўства. Там калі чалавек не асуджаны, то ён не вінаваты. А ў нас сапраўды справа не была даведзеная да суду, яна была закрытая за тэрмінам даўніны. Аднак, у той самы час, Шанталосаву былі выстаўленыя абвінавачванні, і яны не падпадаюць пад рэабілітацыю, бо ён пагадзіўся — сам пагадзіўся — з тым, што гэтая справа закрытая. Я думаю, што пытанне ў гэтых нюансах”.

Пры гэтым нязменная пазіцыя Беларускай федэрацыі футбола па недапушчэнні Шанталосава на афіцыйныя мерапрыемствы АБФФ не знайшла падтрымкі ў рэдактара “Прессбола”.  Уладзімір Беражкоў лічыць, што яна мае хутчэй эмацыйны, а не законны характар.

Уладзімір Беражкоў: “Справа ў тым, што рашэнне аб адхіленні Шанталосава ад футболу было прынятае ў Беларускай федэрацыі футбола. То бок гэта было прынята на футбольным узроўні. А беларускае заканадаўства — яно ж не забараняе займацца Шанталосаву якой-колечы дзейнасцю. Суду не было, на яго не накладзеная забарона на прафесію”.

Пра гэтую самую "забарону на прафесію" гаварыў летась пасля рашэння АБФФ і сам Валерый Шанталосаў. У выпадку, калі б з Мінску адправілі ў яго справе ліст у Жэневу (каб і ФІФА прыняла такое ж рашэнне), Шанталосаў абяцаў "аспрэчыць яго ў міжнароднай федэрацыі".

Каб спраўдзіць, ці не гэтая "перапіска" стала прычынай цяперашняга скандалу, Еўрарадыё звярнулася ў дэпартамент інфармацыі ФІФА. Аднак там адказалі вельмі дыпламатычна.

Дэпартамент інфармацыі ФІФА: “Выпадак з удзелам Валерыя Шанталосава ўключае акалічнасці, якія мы яшчэ не высветлілі да канца. Таму зразумейце нас, калі ласка, правільна, але мы не можам на дадзены момант даць больш ніякай інфармацыі”.

Размахваць кулакамі, як лічыць рэдактар “Прессбола”, пасля бойкі — бессэнсоўна. Час даводзіць уласную праўду даўно мінуў і быў бяздарна змарнаваны. Спрабаваць захаваць добрае аблічча пры абсалютным бяздзеянні перад гэтым — не самае ўдалае рашэнне Беларускай федэрацыі футбола. Прынамсі “Прессбол”, запэўнівае рэдактар, да “справы Шанталосава” вяртацца не мае намеру.

Уладзімір Беражкоў: “Мы гэтую справу завяршылі. “Прессбол” гэтую справу цалкам расследаваў, і мы ўсё, што здолелі, ужо зрабілі. Больш мы не ў стане тут нешта прадпрымаць. Мы білі ў званы, білі трывогу, гаварылі, што следства зацягваецца. Мы гаварылі пра тое, што нельга было яго пускаць на самацёк, што ёсць супрацьдзеянне, што ёсць людзі, зацікаўленыя ў тым, каб гэтая справа закрывалася. Мы ўсё гэта распавялі, паказалі і ўсё аддалі ў рукі следства. Таму да гэтай справы ў нас няма аніякай зацікаўленасці”.

На жаль, з самім Валерыем Шанталосавым нам звязацца няўдалося. Усе ягоныя тэлефоны маўчалі...

Незалежна ад таго, чым скончыцца супрацьстаянне паміж былым галкіперам нацыянальнай зборнай Беларусі і Беларускай федэрацыяй футбола, чарговы гол будзе забіты ў браму шматпакутнага беларускага футбола. Да славы краіны з п’яным арбітрам гэтым разам дадаецца і непаўторны каларыт дамоўных матчаў.


Глядзі таксама па тэме:

Як прадаваліся гульні зборнай: “Я ему дал столько же, и еще накинул”

Шанталосаў купіў футбалістаў зборнай за 40 тысяч долараў

“Справу Шанталосава” закрылі. Ці не пачнецца “справа Туміловіча”?

Як на самой справе “шукаюць” Шанталосава


Фота — naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі