Шапіра: Ізраільскія амбасадары ў іншых краінах, напэўна, мне зайздросцяць

Хутка завяршаецца вашая праца на пасадзе амбасадара Ізраіля ў Беларусі. Як вы самі ацэньваеце вынікі сваёй працы: што ўдалося зрабіць, а што — не?

— Я не хацеў бы, каб гэтае інтэрв’ю мы вялі як заключную размову. Я прызначаны генеральным консулам у Санкт-Пецярбургу, але паколькі гэта новае прадстаўніцтва, то мусяць яшчэ быць пройдзеныя пэўныя адміністрацыйныя моманты. І я яшчэ папрацую тут месяцы 2-3, а, можа, і 4. Буду мець магчымасць трэці раз адчуць на сабе беларускую зіму. У мяне, дарэчы, наконт гэтага няма ніякіх негатыўных эмоцый. Але калі адказваць на вашае пытанне, то мне цяжка ставіць нейкую адзнаку — яна будзе не самай аб’ектыўнай. Мне падаецца, што самае галоўнае з таго, што нам удалося, — гэта прывесці да пачатку зменаў іміджу Ізраіля ў вачах беларусаў.

На пачатку працы ў вас было-такі пачуццё, што стаўленне беларусаў да Ізраілю “дзіўнае”?

— Мне падаецца, што не ўсе ў Беларусі разумеюць розніцу паміж яўрэямі і ізраільцянамі і думаюць, што кожны яўрэй — гэта ізраільцянін, а кожны ізраільцянін — яўрэй. Але гэта не так! Ёсць ізраільцяне не яўрэі — у нас 20% насельніцтва не з’яўляецца яўрэямі. Зразумела, яны частка Ізраіля, яны раўнапраўныя ізраільцяне. А ёсць яўрэі — не ізраільцяне. Яўрэі, якія жывуць у Беларусі, з’яўляюцца беларусамі. Паводле нацыянальнасці яны — яўрэі, а паводле грамадзянства — беларусы, ізраільскага грамадзянства яны не прымалі. І ніякага дачынення да Ізраіля ў іх няма, акрамя таго, што маюць да яго цёплыя пачуцці, як да свайго нацыянальнага дома. І я не ўпэўнены, што ўсе тут ведалі нават гэта. Мне падаецца, што менавіта з гэтым звязанае неразуменне альбо нежаданне разбірацца ў гэтыя нюансы і глыбей глядзець на Ізраіль ці ізраільскае грамадства.



Вы кажаце, што такое стаўленне змяніць удалося. Якімі сродкамі? Ці цяжка было гэта зрабіць?

— Працэс яшчэ працягваецца. Для вырашэння такіх задач найпершым сродкам з’яўляецца стварэнне ўмоў для сустрэч з ізраільцянамі. У галіне культуры, спорта, палітыкі, журналістыкі — розных спецыяльнасцяў. Каб людзі маглі пазнаёміцца з Ізраілем праз дасягненні гэтай краіны ў розных сферах. Пазнаёміцца з ізраільскай культурай: да прыкладу, купіць кнігу, напісаную ізраільскім пісьменнікам, набыць і паслухаць дыск, запісаны ізраільскім артыстам. Я не думаю, што для беларусаў гэта было гэткім жа ардынарным, як у выпадку з расійскім ці польскім пісьменнікам. Думаю, той факт, што шмат гадоў у нас не было наўпроставых сувязяў, граў не самую пазітыўную ролю для ўзаемапазнавання двух народах. Дарэчы, часткова ўсё тое, пра што я кажу, мае месца і ў дачыненні да Ізраіля і яго ведання Беларусі — проста не хапала інфармацыі. Гэта ўплывала на стварэнне неадпаведнага рэальнасці іміджу Ізраіля ў Беларусі.

Амбасада арганізоўвала Фестываль ізраільскага кіно. А якія яшчэ акцыі дапамаглі вам у гэтай працы?

— Шмат якія амбасадары Ізраіля ў іншых краінах мне, відаць, зайздросцяць: паміж нашымі краінамі сапраўды ёсць “чалавечы мост”. І ён вельмі актыўны. Звязана гэта найперш з тым, што тут шмат стагоддзяў існуе вялікая і ўплывовая яўрэйская грамада. А ў Ізраілі зараз жыве больш за 150 тысячаў былых грамадзян Беларусі, якія сёння з’яўляюцца пасламі Беларусі ў Ізраілі і ў якіх самыя лепшыя пачуцці да Беларусі. Гэта быў падмурак. І я на гэтым падмурку ладзіў сустрэчы з ізраільцянамі. Прыкладаў шмат. Так, для мяне абсалютна не натуральна, калі на Фестываль кіно, прычым, нават у дні, калі паказвалі зусім нікому не вядомае дакументальнае кіно, кінатэатр быў перапоўнены. Цягам усяго фестывалю! І гэта сведчанне цікаўнасці, гэта паказчык. Адбылася паездка 9 праведнікаў у Ізраіль, якую мы арганізавалі. Яны сустрэліся з прэзідэнтам Ізраіля — які, між іншым, нарадзіўся ў Беларусі і які таксама пэўным чынам сімвалізуе гэты мост паміж  двума народамі. А нядаўна мы правялі выставу “Цень Іерусаліма” — дзе біблейскія мясціны паказаныя праз погляд ізраільскага фатографа. І яны набываюць асаблівае значэнне.

А што з запланаванага так і не ўдалося ажыццявіць?

— Мы гаворым пра працэсы, а не пра адзінкавыя мерапрыемствы, якія могуць атрымацца альбо не. Але калі нават казаць пра працэсы, то ў сферы развіцця бізнеса нам трэба яшчэ папрацаваць. Нам яшчэ не ўдалося замацаваць пазіцыі ізраільскага бізнэса ў Беларусі. Тут яшчэ шмат працы. Шмат працы ў нас яшчэ будзе і з яўрэйскай грамадой, якую мы курыруем і лёс якой нам неабыякавы. У палітычнай сферы працэс пачаўся вельмі паспяхова, было некалькі візітаў на міністэрскім узроўні, пачала працаваць камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.



Прэзідэнт Лукашэнка называе Ахмадзінеджада сваім лепшым сябрам, наведвае Іран. Гэта нейкім чынам уплывае на спробы наладзіць адносіны ў сферы палітыкі?

— Зразумела, Беларусь як незалежная краіна мае права развіваць сваю геапалітыку і сваю міжнародную палітыку, зыходзячы са сваіх прыярытэтаў. І ніхто ў гэта не мае права ўмешвацца. Але як яўрэй і як ізраільцянін я не магу сказаць, што шчыльныя сувязі з Іранам любой краіны выклікаюць у мяне задавальненне. У нас з Іранам не проста палітычныя рознагалоссі — гэта адзіная краіна ў свеце, якая адкрыта, з трыбуны ААН, заклікае да знішчэння Дзяржавы Ізраіль — незалежнай краіны, якая з’яўляецца сябрам ААН і міжнароднага грамадства. Нягледзячы на гэта, шмат якія краіны падтрымліваюць адносіны з Іранам. Зразумела, што ёсць пэўныя інтарэсы. Але мы не можам змірыцца, калі заклікі Ірана аб знішчэнні Ізраіля альбо адмова Халакоста не маюць ніякай рэакцыі. Мы лічым, што ў такіх абставінах павінна быць рэакцыя. У большасці выпадкаў мы такой рэакцыі з боку Беларусі не чуем. Нам гэта крыўдна.

Ці звяртаюцца да вас па параду ізраільскія бізнэсмены, якія хочуць працаваць у Беларусі, і што вы ім раіце, ад чаго засцерагаеце?

— Зразумела, яны звяртаюцца па парады. У амбасадзе працуе эканамічны аддзел. Мы разглядаем нават магчымасць прыцягнення Міністэрства прамысловасці і гандлю Ізраіля курыраваць Беларусь, бо ёсць пастаянны рост цікавасці да Беларусі з боку ізраільскага бізнэсу. Дарэчы, эканамічны аддзел у нас пачаў працаваць сёлета. Дзякуючы таму, што мы імкнуліся надаць асаблівы стымул гэтаму накірунку — бо гэта накірунак, ад якога абодва бакі толькі выйграваюць. Праблемы, што тычацца Беларусі, звязаныя з вядомымі ўсім абставінамі — як, напрыклад, тое, што часта змяняецца заканадаўства. І цяжка замежнаму інвестару падладкавацца да хуткіх зменаў адміністрацыйных рэгуляцый. Існуюць і перавагі, такія як высокі чалавечы фактар. Сучасная інфраструктура — дарогі, тэлекамунікацыі.

Наколькі вы цікавіцеся палітычнай сітуацыяй у Беларусі, тым, што адбываецца ў нас напярэдадні выбараў?

— Мы, зразумела, цікавімся. І з пункту гледжання ўласнай цікавасці, і прафесійнай, у межах маёй дыпламатычнай місіі. Заўсёды цікава сачыць за тым, як адбываюцца выбары. Для мяне гэта першыя выбары тут, і мне гэта вельмі цікава. Ізраіль не з’яўляецца такім актыўным назіральнікам, як, да прыкладу, АБСЕ ці СНД. Аднак як сябра дыпламатычнага корпуса, як амбасадар, як цікаўны чалавек я буду ўважліва назіраць за працэсам галасавання, за вынікам, за асвятленнем у СМІ гэтага працэсу. Мы сочым з велічэзнай увагай за прэзідэнцкімі выбарамі, якія пройдуць 19 снежня.



А чаго вы чакаеце ад гэтых выбараў?

— Я вам дам дыпламатычны адказ, які, я мяркую, вас не здзівіць. Спадзяемся, што пажаданні беларускага народа спраўдзяцца. Мы як дэмакратычная краіна прымем выбар, зроблены беларускім народам.

Ці сочыце вы за беларускай апазіцыяй? Вам зразумелыя працэсы, якія адбываюцца ўнутры яе?

— Вядома, мы сочым за апазіцыяй і маем зносіны з яе прадстаўнікамі. Магчыма, не тое каб часта. Гэта ўваходзіць у абавязкі амбасадара. Але я не хацеў бы даваць ацэнку ўнутрыпалітычным працэсам, якія адбываюцца ў Беларусі. Тым больш, што мы нават не з’яўляемся сябрамі тых арганізацый, якія вельмі актыўна працуюць у гэтай галіне, — АБСЕ, Еўрапейскі Саюз альбо СНД. Я сустракаюся з людзьмі, чытаю аналітычныя артыкулы датычна гэтай тэмы — дзеля таго, каб сфармаваць сваё меркаванне, як мага больш аб’ектыўнае і ўзважанае датычна да Беларусі, лёс якой мне неабыякавы і як чалавеку, і як дыпламату. Але дзяліцца сваім меркаваннем, даваць нейкія ацэнкі я не буду.

Ці былі размовы на ўзроўні МЗС Ізраіля пра тое, ад чаго будзе залежаць прызнанне вашай краінай вынікаў выбараў?

— Мы прымем любое рашэнне беларускага народа. Гэта я гарантую. Казаць, якой будзе ацэнка Ізраіля палітычных падзей, што адбудуцца праз два месяцы, на дадзены момант мне вельмі складана.

Апошнім часам у СМІ перыядычна з’яўляюцца паведамленні пра тое, што ў Беларусі частым госцем стаў Барыс Беразоўскі. Вам з ім не даводзілася тут сустракацца?

— Я нават не ведаю, ці мае Барыс Беразоўскі ізраільскае грамадзянства! Таму мне цяжка даваць нейкія каментары. Ён мне ніколі не паведамляе пра свае прыезды, і я з ім ніколі не сустракаўся.

Што пазычыце свайму пераемніку?

— Гэта вялікі гонар — быць прадстаўніком сваёй краіны ў іншай дзяржаве.  Беларусь — гэта асаблівая краіна. Дзякуючы “чалавечаму масту”, які тут існуе, дзякуючы нашай агульнай гісторыі, нашай агульнай трагедыі — Другой сусветнай вайне. У 2012 годзе мы будзем адзначаць 20 гадоў з таго часу, як мы аднавілі дыпламатычныя адносіны. Пажадана зрабіць яшчэ адзін крок да ўмацавання адносінаў з беларускім народам, спрыяць пашырэнню адносінаў ва ўсіх накірунках. Гэта ўнікальная магчымасць — працаваць у вашай прыгожай і цікавай краіне. Паверце, я буду вельмі сумаваць па вашых людзях і па прыродзе. Асабліва па летнім і восеньскім часе — тады яна асабліва выбітная.

Фота: Змітра Лукашук

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі