Шрайбман: У Трампа няма паўнамоцтваў для "вялікай здзелкі" з Лукашэнкам
Арцём Шрайбман / Еўрарадыё
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман скептычна ацэньвае чуткі пра тое, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў Аляксандру Лукашэнку "вялікую ўсходнееўрапейскую здзелку". На думку Шрайбмана, ні Трамп, ні тым больш дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа не ўпаўнаважаныя вызначаць саюзы, у якія могуць уступіць Польшча, Украіна і прыбалтыйскія рэспублікі.
"Сёння і ў бліжэйшай перспектыве такога саюзу быць не можа, — перакананы Шрайбман. — Гэтыя краіны ўваходзяць у розныя інтэграцыйныя блокі, якія вельмі сур'ёзна абмяжоўваюць іх магчымасці ствараць нешта паміж сабой. У іх розная палітычная сістэма. Беларусь — аўтарытарная краіна, яе ніхто не прыме ні ў якія еўрапейскія ці нават усходне-еўрапейскія інтэграцыйныя структуры. І, што самае галоўнае, яна не можа без каласальнай шкоды для эканомікі выйсці з узначаленых Расіяй саюзаў".
Пасля візіту Майкла Пампеа ў Мінск адразу некалькі ананімных Тэлеграм-каналаў, расійскіх і прарасійскіх, напісалі, што Трамп прапанаваў Лукашэнку стварыць гэткае "Вялікае княства Літоўскае 2.0" з тэрыторый Беларусі, Украіны, Польшчы і краін Балтыі "з адначасовым удзелам у ЕС, НАТА і ЕАЭС ".
"Я думаю, такія фэйкі будуць нараджацца рэгулярна па меры інфармацыйнага супрацьстаяння Мінска і Масквы, — каментуе Шрайбман. — Трэба прывыкаць і пераставаць ставіцца да іх сур'ёзна. Ні ў Трампа, ні ў Пампеа няма паўнамоцтваў рабіць такія прапановы. Яны не кіруюць паводзінамі ўсіх згаданых краін".
Разважаючы пра тое, ці магчымы падобны саюз у неабсяжнай будучыні, Шрайбман, заўважыў, што для гэтага павінны разарвацца сённяшнія інтэграцыйныя блокі.
"Тады нічога нельга выключаць, ніякага перафарматавання, — кажа ён. — Але для гэтага ў Беларусі павінна адбыцца змена ўлады, разваліцца Еўразійскі эканамічны саюз, Саюзная дзяржава, АДКБ, моцна пацярпець у сваёй значнасці Еўрасаюз".
На думку Шрайбмана, такая верагоднасць у бліжэйшы час тоесная таму, што Лукашэнка прайграе выбары ў 2020 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.