Штурм Майдана 19 лютага (фота, відэа)

Як штурмавалі Майдан уначы (хроніка)

01.48 Жахлівыя кадры наступстваў бойні ў Марыінскім парку Кіева

01.26 NATO заклікае не ўжываць ўкраінскае войска супраць народа. Галоўны ваеннакамандуючы Паўночнаатлантычнага альянсу Філіп Брыдлаў заклікаў палітычных лідараў ва Украіне пазбегнуць прымянення ваеннай сілы супраць народа. У сваім Твітары амерыканскі генерал таксама заявіў, што заклікае новае ваеннае кіраўніцтва Украіны пачаць дыялог, каб прывесці цяперашнюю сітуацыю да мірнага вырашэння. Нагадаем, раней з падобнай заявай выступіў прэзідэнт ЗША Барак Абама.

01.12 Вашынгтон уводзіць візавыя санкцыі ў дачыненні да 20 украінскіх чыноўнікаў

01.06 МУС: У сувязі з масавымі сутыкненнямі па ўсёй Украіне распачата амаль 40 крымінальных спраў па розных артыкулах: наўмыснае забойства, арганізацыя масавых беспарадкаў, замах на жыццё супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Таксама праводзіцца праверка па фактах захопу адміністратыўных будынкаў, арганізацыі масавых беспарадкаў і падпалу будынкаў органаў улады ў Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Валынскай, Ровенскай абласцях.

00.54 Боепрыпасы, якія гарэлі на вайсковай базе ў Львове, пачалі выбухаць, пажарныя спынілі тушэнне — Інтэрфакс

00.51 Нягледзячы на абвешчанае перамір’е, сілавікі працягваюць ужываць шумавыя гранаты, чуваць выбухі і гукі стральбы.

00.44 Паўла Каэльё выказаў падтрымку ўкраінскім пратэстоўцам. На сваёй старонцы ў Твітары папулярны бразільскі пісьменнік напісаў: "Перастаньце быць тымі, кім вы былі, і станьце тымі, хто вы ёсць”. Да допісу Каэльё дадаў фота з Міхайлаўскага сабору ў Кіеве, дзе цяпер размешчаны імправізаваны шпіталь.

00.38 Украінская гарналыжніца Багдана Мацёцкая ў знак пратэсту пакінула Алімпіяду. “Януковіч утапіў у крыві надзеі украінцаў, чым парушыў спрадвечны прынцып Алімпійскіх гульняў — Мір падчас іх правядзення”, — заявіў яе трэнері бацька.

00.04 Штурму Майдана, які на гэту ноч планавала ўлада, не будзе, абвешчана перамір'е. Пра гэта паведаміў журналістам Арсеній Яцанюк па завяршэнні сустрэчы трох лідараў апазіцыі з прэзідэнтам Віктарам Януковічам. Ён падкрэсліў, што ўлада планавала "увядзенне надзвычайнага становішча і начны штурм". Цяпер абвешчана перамір'е і пачатак перамоўнага працэсу для стабілізацыі сітуацыі.

23.38 Спынены рух цягнікоў са Львова ў Кіеў. Афіцыйная прычына — паломка рэек.

23.27 У Вінніцы людзі заблакавалі асноўныя транспартныя артэрыі горада і ўзводзяць барыкады. У цэнтры горада праходзіць мітынг.

23.05 Пуцін заклікаў Захад жорстка асудзіць экстрэмістаў ад апазіцыі ў Кіеве і адмовіцца ад абвінавачванняў у адрас украінскіх уладаў. Пра гэта ён заявіў у тэлефоннай размове з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, перадае ІТАР-ТАСС.

"У ходзе размовы лідары грунтоўна абмеркавалі драматычныя падзеі ва Украіне", — адзначылі ў прэс-службе Крамля.

Там паведамілі, што Пуцін і Меркель дамовіліся працягваць кантакты па гэтым пытанні.

Пра гутарку з Пуціным распавяла і сама Меркель. Яна паведаміла, што "праінфармавала" Пуціна аб маючым адбыцца ў чацвер візіце ў Кіеў міністра замежных спраў Францыі Ларана Фабіюса, яго германскага калегі Франка-Вальтэра Штайнмаера, а таксама кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага.

22.44 У Адміністрацыі ўкраінскага прэзідэнта пачалася тэрмінова прызначаная сустрэча Януковіча з апазіцыяй. Пра гэта ў сваім Твітэры напісала прэс-сакратар Віталя Клічко Аксана Зіноўева. Падрабязнасці пакуль не паведамляюцца.

22.40 Прэзідэнт ЗША Барак Абама заклікаў украінскае Міністэрства абароны не ўмешвацца ў канфлікт і папярэдзіў пра наступствы.

22.16 Як унутры выглядае згарэлы Дом прафсаюзаў

22.04 Пад сценамі Хмяльніцкага СБУ падстрэленыя тры чалавекі — СМІ

Як перадае сайт ВСІМ, адзін чалавек атрымаў раненне ў галаву, яшчэ ў дваіх хлопцаў агнястрэльныя раненні рук і ног. Іх аглядаюць медыкі, якія працуюць на месцы падзеяў.

Пад сценамі Савета бяспекі хаос, адзін з тралейбусаў гарыць. Байцы “Альфы” закрыліся ў будынку СБУ, адкуль вывелі ўсіх цывільных. Нягледзячы на тое, што “альфаўцы” ўвесь час страляюць, людзі зноў спрабуюць выбіць вароты ў двор будынка.

22.01 У Жытоміры пратэстоўцы захапілі будынак Абласной адміністрацыі

21.58 З'явіліся абвяржэнні: У Доме прафсаюзаў ніхто не згарэў

21.23 У Мінску прайшла акцыя ў падтрымку Еўрамайдана

21.00 Віктар Януковіч змяніў кіраўніка Узброеных Сілаў. Узброенымі сіламі Украіны будзе камандаваць беларус

20.30 Медыкі вынеслі абгарэлае цела з будынка Прафсаюзаў, паведамляе ўкраінская служба "Радыё Свабода". Цела абгарэла так, што яго немагчыма апазнаць. Раней украінскі СМІ пісалі, што ў будынку ахопленым агнём могуць знаходзіцца да 50 целаў, але пакуль гэта інфармацыя не пацвердзілася.

20.20 Украінскі палітолаг Уладзімір Фесенка кажа, што ва Украіне дэ-факта ўводзіцца ваеннае становішча, што груба парушае канстытуцыю.

20.11 Будынак СБУ ў Хмельніцкім, дзе забілі жанчыну днём, гарыць. Яго закідалі "кактэлямі Молатава". Пра гэта паведамляе твітар "Свабоды".

20.10 Дэсантнікі з Днепрапятроўска прызямляюцца на базе Мінабароны ў Васількове, паведамляе журналіст Яўген Лаўэр.

19.50 Жыхары Тэрнопаля спынілі аўтобусы з "Беркутам", які вяртаўся з Кіева. Іх адвялі на цэнтральную плошчу, дзе яны сказалі, што больш не будуць ісці супраць народа. Як паведамляе прэс-служба "Свабоды" яны напішуць заявы на звальненне і здаюць пасведчанні.

19.30 СБУ кажа, што толькі рыхтуе антытэрарыстычную аперацыю па ўсёй краіне, а не пачала яе рэалізоўваць. Пра гэта са спасылкай на прэс-службу СБУ паведамляе "Інтэрфакс-Украіна".

19.17 Мінабароны Украіны пацвердзіла ўдзел у антытэрарыстычнай аперацыі. Згодна з законам вайскоўцы могуць ужываць зброю, затрымліваць асобаў, якія парушаюць закон, правяраць дакументы ў грамадзян, праводзіць асабісты дагляд людзей і аўтамабіляў і забараняць рух транспарта і пешаходаў.

18.56 Актывісты заблакавалі аўтобусы з "цітушкамі" на трасе "Харкаў-Палтава-Кіеў".

18.50 Пакуль на Майдане спакойна. Выбухаў не чуваць. Зараз там каля 10 тысяч чалавек. Пратэстоўцы разбіраюць і складаюць плітку.

18.26 На Майдане выступае кіраўнік "Свабоды" Алег Цягнібок. Кажа, што ў Кіеў прабіваюцца людзі з рэгіёнаў. Ён кажа, што калі "Беркут" пойдзе ў наступленне, то жанчыны мусяць пакінуць Майдан.

"Мы павінны пабудаваць новую дзяржаву. А для гэтага павінны выстаяць. Мы звяртаемся да сілавікоў, служыце народу, а не бандзе, якая выкарыстоўвае ў барацьбе супраць народу. Мы перагрупоўваем сілы. Шмат параненых, каля 1,5 тысяч актывістаў. Шмат зніклых".

"Нас усіх назвалі тэрарыстамі. Алькаіда можа пазайздросціць, што ў нас столькі "тэрарыстаў".

18.10 На Майдан прывезлі новых байцоў унутраных войск. Чатыры аўтобуса ў кожным па 30 чалавек прыехалі з боку вуліцы Грушэўскага.
 
Старшыня кіеўскай адміністрацыі, заявіў, што метро не будзе працаваць пакуль ідзе антытэрарыстычная аперацыя.
 
ЗША адмянілі візы шэрагу чыноўкнікаў, якія датычныя да прымянення сілы супраць мітыгавальнікаў. Пасол ЗША ў Кіеве заявіў, што да іх прымененыя санкцыі.
 

17.20 СБУ Украіны абвесціла аб пачатку антытэрарытстычнай аперацыі

17.10 Актывісты зрабілі пушку, каб страляць па сілавіках

17.00 Губернатар Чарнавецкай вобласці напісаў заяву аб адстаўцы на імя Януковіча. Апазіцыя паабяцала, што ў гэтым выпадку беспарадкаў не будзе.

Губернатар Валыні на адстаўку не пагадзіўся. Яго затрымалі, аблілі вадой, збілі і прыкавалі да сцэны. Цяпер яго прыкавалі кайданкамі да батарэі ў падвале абладміністрацыі, паведамляе Цензор.НЕТ.

16.30 Міністр аховы здароўя Раіса Багатырова: Колькасць загінулых у Кіеве дасягнула 26 чалавек, з іх 10 міліцыянты.

16.20 Пратэстоўцы занялі будынак Дзяржтэлерадыё ў Кіеве, які знаходзіцца побач з Майданам, перадае РБК-Украіна. Там плануюць зладзіць начлег і медпункт для актывістаў. Раней быў заняты будынак Галоўпаштамта.

16.15 Інфармацыя пра смерць жанчыны ў Хмельніцкім не пацвярджаецца. Жанчына цяжка параненая, нейрахірургі змагаюцца за яе жыццё, паведамляюць у сацсетках. Нагадаем, у жанчыну стралялі пад час штурму абласнога упраўлення СБУ.

16.00 Яшчэ адзін Народны дэпутат выйшаў з фракцыі Партыі рэгіёнаў. Пра гэта Юрый Благадыр напісаў у Facebook.

15.50 У Чарнаўцах студэнты не пайшлі на пары. Пад будынкам універсітэта яны скандуюць: "Зэка на нары, тады пойдзем на пары".

15.40 У Хмяльніцкім падчас штурму СБУ застрэлілі жанчыну (шакуючае фота)

15.34 З філармоніі з акна запусцілі салют па "Беркуту". Таксама у бок сілавікоў ляцяць камяні. Міліцыянты кідаюць камяні ў адказ. Дагэтуль працуюць вадамёты.

15.30 Луцкая міліцыя перайшла на бок народа. Пратэстантам выдалі дубінкі і шлемы. Пра гэта ў сераду, 19 лютага, паведаміў начальнік Луцкай міліцыі Васіль Марчышак, інфармуе ЦэнзарНЕТ.

Прыблізна ў 11.40 калона мітынгоўцаў падышла да галоўнага гараддзел Луцка. Да пратэстоўцаў выйшаў начальнік міліцыі і абвясціў, што праваахоўнікі "здаюцца".

15.20 Украінскім спартоўцам у Сочы не дазволілі павязаць жалобныя чорныя стужкі.

15.10 ДАІ перагарадзіла пяском галоўныя трасы, якія вядуць у Кіеў з Днепрапятроўска, Адэсы, Бровараў, Барыспаля, і Варшаўскую трасу.

У двух месцах перакрытая Барыспальскім траса, з чатырох палос вольная толькі адна, гаворыцца ў сюжэце ТСН. Толькі адной з чатырох палос пускаюць у Кіеў з Бровараў.  Перагароджана грузавікамі Жытомірская траса. Часткова перакрытая Адэская траса. На выездзе з Абухова стаяць тры БТР, а таксама машыны з пяском і камянямі. ДАІ прапускае толькі легкавыя машыны і маршруткі пасля праверкі.
 

15.00 Абарону Майдана адцяснілі

У Жытомірскай вобласці спынілі цягнік "Івана-Франкоўск — Кіеў", паведамляюць карыстальнікі сацсетак. 
 
"Цягнік загналі ў тупік. Людзей не выпускаюць. На вуліцы шмат людзей тыповай знешнасці", — тэлефонам паведаміў @Petro Didula. "Афіцыйная версія — вагон замінаваны. Зараз людзей выганяюць з цягніка", — піша gazeta.ua.
 

На Грушэўскага будуюць бетонную барыкаду. Працуе кран. Пакінулі толькі вузкі праезд для аўтамабіляў, паведамляе pravda.com.ua

Фотафакт: сілавікі ідуць з аўтаматамі ў руках. Але МУС Украіны заяўляў, што міліцыя не выкарыстоўвае агнястрэльную зброю.

У Кіеве памёр ужо дзясяты міліцыянт. Як паведамляе МУС, смерць наступіла ў выніку агнястрэльнага ранення ў грудзі.
 
Марцін Шульц , прэзідэнт Еўрапарламента, заявіў, што украінскія ўлады амаль страцілі сваю легітымнасць. Цяперашняя ўлада ў Украіне мусіць стварыць умовы для пераходнага ўрада нацыянальнага адзінства і датэрміновых выбараў для таго, каб вярнуць сабе гэтую легітымнасць.
 
Кіраўнікі фракцый Еўрапейскага парламента абмяркуюць Украіну заўтра на надзвычайным паседжанні.
 
 
Яцэк Сарыюш-Вольскі, віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента, кажа пра магчымыя санкцыі, не толькі супраць Украіны.
 
"Трэба данесці, што санкцыі могуць быць уведзеныя і супраць Расіі", — сказаў ён на прэс-канферэнцыі ў Брусэлі.
 
Прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу сказаў, што падзеі на Майдане шакавалі і расчаравалі ЕС. Няма абставін, якія могуць апраўдаць гэтыя дзеянні.
 
"Мы выказваем спачуванні ахвярам і іх сем'ям. І рашуча асуджаем гвалт. Адказнасць за забеспячэнне неабходнай абароны асноўных правоў і свабод знаходзіцца на палітычным кіраўніцтве краіны".
 

Фотафакт: Беркут рыхтуецца да наступлення

13:20 Беркут падышоў бліжэй. Барыкады паліваюць з вадамётаў. Мітынгоўцы адказваюць камянямі.

13.00 Фотафакт: Аперацыйная ў храме Яна Багаслова Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра. Фота з сацыяльных сетак.
 

12.40 Сілавікі пачалі наступ на Майдан, пра гэта заявілі са сцэны Майдана. Уключылі вадамёты і спрабуюць адцясніць людзей.

 
12.10 Кіраўнік МЗС Швецыі піша ў твітэр: У гвалце і гібелі людзей вінаваты Януковіч.
 

12.00 На Майдан падцягваюцца новыя людзі з ежай і шынамі. Па звестках Еўрамайдан SOS у райаддзелах знаходзіцца больш за 50 чалавек. Траса з аэрапорта Барыспаль заблакаваная ўсіх разварочваюць.

10.30 Калона антымайданаўцаў з бітамі і сцягамі Партыі рэгіёнаў ідзе з Міхайлаўскага парку ў бок Майдана.

На Майдане дагарае Дом Прафсаюзаў перадае ЛІГАБізнесІнформ. З боку Еўрапейскай плошчы перыядычна чуваць выбухі святлошумавых гранат. Пакуль "Самаабарона" утрымлівае пазіцыі. На Майдане цяпер каля 10 тысяч чалавек.

Сілавікі занялі частку Майдану з боку вуліцы Інстытуцкай пасля начнога штурму.

У двары пад акном нешта накшталт базы сілавікоў, піша карыстальнік barabanch. Байцы спяць наўпрост на зямлі на шчытах.

На Майдан прыбываюць новыя людзі, актывісты з заходніх абласцей прабіваюцца праз кардоны. На фота дзяўчыны разліваюць "кактэйлі Молатава".

У трапезнай царкве Міхайлаўскага сабора развярнулі шпіталь.

Фота: zyalt.livejournal.com, Reuters. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі